Навіны горада

Валанцёры – гэта не БРСМ ці піянеры

5 снежня – дзень валанцёра. “Штодзень” падрыхтаваў для вас падборку валанцёрскіх ініцыятыў, якія маюцца ў Гомелі. “Чырвоны крыж”, БРСМ і піянеры ў гэты спіс не ўвайшлі, паколькі з’яўляюцца GONGO – то бок прадзяржаўнымі арганізацыямі. А таму, з сапраўднымі валанцёрскімі ініцыятывамі маюць мала агульнага.

У Гомелі існуюць некалькі груп па дапамозе ўкраінскім уцекачам. Пра адну з іх, “Vo-Go” (“Валанцёры наперад”) мы падрабязна пісалі на старонках нашага выдання. Таксама ёсць дзве групы ў тэлеграме. Група “Валанцёры. Дапамога ўкраінцам у Беларусі” налічвае больш за 500 падпісчыкаў і скіраваная на дапамогу ўкраінцам, якія прыехалі ў Беларусь альбо едуць праз краіну транзітам. Група “Валанцёры, дапамога, Гомель” таксама займаецца дапамогай украінскім грамадзянам. Налічвае больш за 600 падпісчыкаў.

Акцыя гомельскіх валанцёраў “Пасачкі для дзяцей вайны”. На фота — украінскія ўцекачы з санаторыя Чонкі

Пасля пачатку вайны ва Украіне гомельцы таксама арганізоўваліся па дапамозе ўкраінскім дальнабойшчыкам, якія засталіся ў Беларусі. “Гэта група створаная для дапамогі кіроўцам з Украіны. Якія не могуць вярнуцца пакуль што дадому”. – Так гаварылася ў адным з закрытых чатаў у вайберы, які налічваў у сакавіку 2022 больш за 400 чалавек.

Да пачатку вайны ва Украіне самымі вядомымі валанцёрамі ў Гомелі былі тыя, хто дапамагаў бадзяжным жывёлам. Паблік у ВК “Падаруй ім шанец” налічвае на дадзены момант больш за 17 тысяч. Валанцёрскі рух узнік у 2010 годзе. І з тых часоў валанцёры дапамаглі тысячам катам і сабакам. Валанцёры ладзяць акцыю “Падаруй ім шанец”, падчас шукаюць гаспадароў для бадзяжных жывёл.

Валанцёры “Падаруй ім шанец” падчас адной з акцый па пошуку гаспадароў для бадзяжных жывёлаў. Фота: vk.com/club.animals.gomel

Пасля акцый пратэсту 2020 года ў Гомелі з’явіўся валанцёрскі рух “Волонтёрскій двіж”. Менавіта яны збіралі перадачы для палітычных затрыманых і арыштаваных, пісалі ім лісты і дзяжурылі ў судах. На жаль, у выніку рэпрэсій многім валанцёрам давялося пакінуць Беларусь, хтосьці быў арыштаваны. Напрыклад, валанцёр Ілля Міронаў правёў за кратамі больш за год. На дадзены момант праца валанцёраў вельмі ўскладнілася і стала небяспечнай. Аднак яны па меры магчымасці дапамагаюць затрыманым, дзяжураць у судах і шукаюць затрыманых і іх сваякоў, а таксама працягваюць пісаць палітзняволеным лісты. “Сваіх не кідаем” – такі лозунг валанцёраў.

Такія прадуктовыя наборы сем’ям рэпрэсаваных рыхтавалі валанцёры. Фота: Волонтеры.Гомель

Дарэчы, у савецкія часы слова “валанцёр” не выкарыстоўвалі. Замест яго выкарыстоўвалі “добраахвотнік”. На той момант грамадскія арганізацыі замянілі прадзяржаўнымі ВЛКСМ, піянерамі ці ДОСААФ. А розныя акцыі добраахвотнага ўпарадкавання тэрыторый, якія праводзіліся замежнымі валанцёрамі, замянілі суботнікамі. Толькі калі акцыі замежных валанцёраў былі сапраўды добраахвотнымі, выкліканымі імкненнем дапамагчы, то савецкія суботнікі сталі “добраахвотна-прымусовымі”. А ў сучаснай Беларусі ў суботнікі ўвогуле сталі нейкай адпрацоўкай на карысць дзяржавы, калі прадпрыемствы мусяць пералічыць грошы, а настаўнікі ў абавязковым парадку адпрацаваць. То бок прыметнік добраахвотны знік зусім.

Валанцёрства – гэта ж зусім іншае. Першапачаткова валанцёрамі называлі добраахвотнікаў, якія ішлі ваяваць у Еўропе ў 16-17 стагоддзі. І толькі ў 19 стагоддзі валанцёрства стала асацыявацца з дабрачыннай дзейнасцю. У 1844 годзе Джордж Уільямс заснаваў моладзевую валанцёрскую арганізацыю IMCA, мэтай якой стала развіццё маральных прынцыпаў. Падчас Другой Сусветнай вайны яны арганізоўвалі праграму “Дапамога ваеннапалонным”.

Калісьці валанцёрскіх ініцыятыў у Гомелі было нашмат болей. Аднак ціск і рэпрэсіі вымусілі многіх гомельцаў эміграваць альбо проста перастаць дзейнічаць. Поле, якое вызвалілася, паступова займае  дзяржава. Аднак праўладныя ініцыятывы акрамя таго, што з’яўляюцца заідэалагізаванымі, не будуць дапамагаць тым, хто не падтрымлівае цяперашні рэжым.

Штодзень