У інтэрв’ю прапагандысцкаму выданню “Гомельская праўда” функцыянер рэжыму распавёў пра тое, што ягоныя падначаленыя і далей будуць пераследаваць грамадзян па палітычнай прыкмеце. Акрамя гэтага, ён зазначыў, што на дадзены момант адной з асноўных катэгорый беларусаў, якія пападаюць пад каток рэпрэсій, з’яўляюцца праціўнікі вайны ва Украіне. “Штодзень” прыводзіць некалькі цытат кіраўніка рэжымнага УСК.
”Калі хтосьці думае, што ўсё забыта і ўдасца пазбегнуць адказнасці, то ён памыляецца. Паступова мы дойдзем да кожнага, хто парушыў закон. Да многіх, праўда, дайшло разуменне незваротнасці пакарання. Некалькі соцень чалавек скарысталіся прававым механізмам, які дзейнічае ў нас у краіне: добраахвотна заявілі пра тое, што фінансавалі экстрэмісцкую дзейнасць (напрыклад, фонды, фармаванні, былыя СМІ, прызнаныя экстрэмісцкімі), пакаяліся і пералічылі пэўную суму грошай у сацыяльныя ўстановы вобласці — школы, бальніцы, сады…”
”… Колькасць злачынстваў экстрэмісцкай дзейнасці за сем месяцаў гэтага года знізілася на 29,4%. Пры гэтым свежых злачынстваў менш за 20%, а 80% — гэта шлейф, які цягнецца з 2020-2022 гадоў.”
На пытанне прапагандыстаў пра тое “Якія катэгорыі жыхароў асабліва трыгерыць СВА ва Украіне” ўладаахоўнік адказаў:
“Складана сказаць. Сярод тых, хто фатаграфаваў і перасылаў здымкі расейскай вайсковай тэхнікі, пакідаў негатыўныя каментары ў інтэрнэце, распальваў нянавісць да расейскіх вайскоўцаў, пералічваў грошы на патрэбы ЗСУ альбо беларускім баевікам на тэрыторыі Украіны, ёсць як беспрацоўныя, так і асобныя прадстаўнікі інтэлігенцыі. Агульнае ў іх — хіба што эмацыйная лабільнасць. Маё асабістае меркаванне: усе ідэйныя альбо ў Польшчы, альбо сядзяць тут ціха…”