Баявы генерал Раман Гофман, які паходзіць з Мазыра, атрымаў новае вайсковае званне, вышэй якога – толькі начальнік генштаба.
Грамадскі дзеяч Барыс Балтэ тлумачыць у сваіх сацыяльных сетках, наколькі статусная пасада ў Рамана Гофмана: “Для тых, хто не ведае, наш з вамі зямляк з Мазыра Раман Гофман атрымаў нядаўна новае вайсковае званне генерал-маёра (вышэй толькі генерал-лейтэнант, якім можа быць толькі начальнікам генштаба) і пасаду вайсковага сакратара прэм’ер-міністра. Такім чынам, генерал з Беларусі ўвайшоў у вышэйшую вайсковую кагорту ядзернай дзяржавы, а на пасадзе будзе ведаць усе сакрэты Ізраіля. Славіцца беларуская зямля баявымі генераламі.”
Раман Гофман нарадзіўся ў Мазыры і ў 1990 годзе пераехаў у Ізраіль. Ён жа стаў першым прадстаўніком “вялікай аліі”, рэпатрыянтаў з былога СССР 1990-х гадоў, хто атрымаў званне брыгаднага генерала ЦАХАЛа. Да гэтага ён камандаваў 7-й танкавай брыгадай і разгорнутай на Галанскіх вышынях дывізіяй “Башан”.
7 кастрычніка 2023 года ён адным з першых адправіўся ў горад Сдэрот, для адбіцця нападу бандытаў на Ізраіль. У баі ён атрымаў цяжкае раненне, але выжыў.