Ураджэнцы Гомельшчыны ў сусветным “Пантэоне”

by ZB

Цікавасць да асобы ў Вікіпедыі вызначае яе папулярнасць і месца ў рэйтынгу. На гэтым прынцыпе пабудаваны праект Pantheon, які на сёння ўтрымлівае больш за 70 тысяч біяграфій асоб з розных краін свету. Чым большая колькасць запытаў карыстальнікаў Вікіпедыі пра тую ці іншую асобу, тым вышэйшы “індэкс гістарычнай папулярнасці” гэтай асобы.

Што важна: прыналежнасць асобы да той ці іншай краіны ў Pantheon вызначаецца паводле месца нараджэння. Калі выбраць краіну Беларусь, то рэйтынг самых папулярных гістарычных асоб узначальвае Марк Шагал, сусветна вядомы мастак, ураджэнец віцебскай зямлі. А на другой пазіцыі размясціўся Леў Выгоцкі. Агулам у першую сотню ўвайшлі чатыры асобы, звязаныя з Гомельшчынай, у першую дзясятку – дзве.

ЛЕЎ ВЫГОЦКІ – другое месца ў Pantheon па Беларусі

Леў Выгоцкі. Фота: be.wikipedia.org/wiki

Знакаміты псіхолаг і педагог, стваральнік культурна-гістарычнай школы ў псіхалогіі, заснавальнік дэфекталогіі і педагагічнай псіхалогіі, а таксама знаўца літаратуры і тэатра. Леў Выгоцкі быў шчыльна звязаны з Гомелем, хоць і нарадзіўся ў зусім іншым горадзе – Оршы.

На сёння працы Льва Выгоцкага выдадзеныя ў больш як 20-ці краінах свету, ён уваходзіць у дзясятку самых вядомых псіхолагаў свету. Адна з найбольш вядомых яго фундаментальных прац “Мысленне і маўленне” была напісаная незадоўга да смерці. Яго ідэі і тэорыі крыху апярэдзілі час, але стварылі фундамент для шматлікіх сучасных методык. Ён пакінуў таленавітых вучняў, так званую знакамітую “васьмёрку”. Яго надалей друкуюць і цытуюць. Мова Гомель нядаўна распавядала пра жыццё і навуковую дзейнасць “некласічнага псіхолага” Льва Выгоцкага, а таксама пра некаторыя цікавосткі біяграфіі вядомага суайчынніка.

АНДРЭЙ ГРАМЫКА – дзявятае месца ў Pantheon па Беларусі

Андрэй Грамыка – савецкі дзяржаўны дзеяч і дыпламат. Нарадзіўся 18 ліпеня 1909 года ў вёсцы Старыя Грамыкі (Веткаўскі раён). Паходзіў са шляхецкага роду, але ў афіцыйных савецкіх біяграфіях паведамлялася пра сялянскае паходжанне і тое, што яго бацька-селянін працаваў на заводзе.

Андрэй Грамыка, фота: dzen.ru

У жніўні 1943 года малады 34-гадовы Грамыка стаў паслом СССР у Вашынгтоне і пасланнікам СССР на Кубе. Яго подпіс стаіць пад Статутам ААН. На Захадзе Грамыка атрымаў мянушку “Mr. Nyet” (Містар “Не”) за своеасаблівы стыль вядзення перамоў. Поспехам Грамыкі як дыпламата называюць прадухіленне вайны паміж Індыяй і Пакістанам у 1966 годзе з-за канфлікту вакол Кашміру. Заслугамі Грамыкі ў значнай ступені лічыцца і падпісанне Дагавора “Аб не распаўсюджванні ядзернай зброі” 1968 года і іншых важных дакументаў. Менавіта ён у 1985 годзе прапанаваў кандыдатуру Гарбачова. Быў старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

Памёр 2 ліпеня 1989 года. Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве. У Ветцы імем Андрэя Грамыкі названы вуліца і школа, усталяваны помнік на алеі выбітных ураджэнцаў Веткаўскага раёна.

Але ў графе “нацыянальнасць” Андрэй Грамыка пісаў “рускі”…

МАРЭК ЭДЭЛЬМАН – 44 месца ў Pantheon па Беларусі

Марэк Эдэльман – ураджэнец Гомеля, выбітны польскі дзеяч, адзін з кіраўнікоў паўстання ў Варшаўскім гета і ўдзельнік знакамітага Варшаўскага паўстання. Таленавіты кардыёлаг.

Марэк Эдэльман. 2000 год. Фота: Цэзары Пецольд/AG

Марэк Эдэльман нарадзіўся 19 верасня 1919 года ў Гомелі. Гэта найбольш пашыраная дата яго нараджэння, бо, як гэта і бывала ў тыя часы, даты нараджэння або запісвалі не дакладна, альбо пазней людзі самі свядома гэтую дату змянялі. У выпадку Марэка Эдэльмана вядома таксама, што пасля завяршэння Другой сусветнай вайны ён назваў месцам свайго нараджэння Варшаву, баючыся трапіць пад рэпатрыяцыю ў Савецкі Саюз.

Мова Гомель падрабязна распавядала пра цяжкі, шмат у чым трагічны, але натхняльны жыццёвы лёс выбітнага земляка.

ВАСІЛЬ ІГНАЦЕНКА – 95 месца ў Pantheon па Беларусі

Васіль Ігнаценка – ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС, камандзір аддзялення 6-й самастойнай ваенізаванай пажарнай часці па ахове горада Прыпяць, Герой Украіны, адна з першых ахвяр трагедыі.

Васіль Ігнаценка, фота: ridna.ua

Васіль Ігнаценка нарадзіўся 13 сакавіка 1961 года ў вёсцы Спярыжжа Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы вывучыўся на электраманцёра ў Гомелі і быў накіраваны на работу ў Бабруйск. Пасля прызыву ў армію служыў у Маскве ў гарнізоне пажарнай аховы, што і вызначыла яго далейшы лёс. Пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся на работу ў бліжэйшым горадзе – Прыпяці, дзе сустрэў і сваё каханне, будучую жонку Людмілу.

Васіль Ігнаценка прымаў непасрэдны ўдзел у тушэнні пажару на Чарнобыльскай АЭС уначы з 25 на 26 красавіка 1986 года. Ён быў у ліку першых пажарных, якія прыбылі на тушэнне пажару на чацвёртым энергаблоку ЧАЭС, атрымаў смяротную дозу радыеактыўнага апраменьвання. Разам з іншымі яго даставілі ў Маскву на лячэнне, але шанцаў на выратаванне не было…  Васіль Ігнаценка пакутліва памёр 13 мая 1986 года, і знайшоў свой апошні спачын на Міцінскіх могілках у Маскве пад вялікім слоем цынку і бетону. Яго жонка Людміла шмат распавядала пра тыя падзеі. Таксама пра лёс Васіля і Людмілы Ігнаценка распавядаецца ў мастацкім міні-серыяле “Чарнобыль” ад тэлеканала HBO.

Імем Васіля Ігнаценкі названы вуліцы ў Брагіне, Беразіно, Мінску.

ЛЕЎ ШНІРЭЛЬМАН – 135-ае месца ў Pantheon па Беларусі

Знакаміты савецкі матэматык нарадзіўся 2 студзеня 1905 года ў Гомелі. З дзяцінства выявіў свой талент, калі, маючы ўсяго 12 гадоў самастойна асвоіў курс элементарнай матэматыкі, а ў 15 гадоў паспеў звярнуць на сябе ўвагу і атрымаў магчымасць працягваць ужо вышэйшую адукацыю ў Маскве.

Леў Шнірэльман, фота: wikipedia.org

Шнірэльман зрабіў істотны ўклад у розныя раздзелы матэматыкі: алгебру, тапалогію ды іншыя. Яму належаць фундаментальныя вынікі ў тэорыі лічбаў, ён давёў тэарэму Варынга і так далей. Быў адным з самых выдатных матэматыкаў 1930-х гадоў.

У 1938 годзе ён быў арыштаваны НКВД, але праз некаторы час яго адпусцілі. Кажуць, што яго хацелі прымусіць даносіць… 24 верасня 1938 года ў стане дэпрэсіі ён скончыў жыццё самагубствам, атруціўшыся газам. Пахаваны на Увядзенскіх могілках у Маскве. Леў Шнірэльман пражыў усяго 33 гады…

Рэйтынг гістарычных асоб Pantheon – гэта не пастаянны спіс. Зразумела, што з гадамі, у залежнасці ад цікавасці карыстальнікаў Вікіпедыі да тых ці іншых палітыкаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, мастакоў і так далей, гэты рэйтынг змяняецца. Прыведзеныя тут дадзеныя адносяцца да 2022 года, за 2023 год па Беларусі звестак пакуль няма.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png