Уступны артыкул да фотальбома “Экспэдыцыя 1928 году Вацлава Ластоўскага” напісала Вольга Лабачэўская. Яна піша, што набыткі экспедыцыі былі значнымі і каштоўнымі. Да прыкладу, часопіс “Полымя” у №5 за 1928 год паведамляў: “Экспедыцыя наведала шмат паселішчаў Случчыны і Мазыршчыны і сабрала шмат рэчаў матэрыяльнай культуры і народнага мастацтва. Беларускі дзяржаўны музей закупіў да 1000 розных мастацкіх тканін, рознай вопраткі, разьбы па дрэве і шмат інш. Апроч гэтага, экспедыцыя знаёмілася на мясцох з рознымі прадметамі, якія маюць археалагічнае і гістарычнае значэнне. Мастак-фатограф т. Гальмачан зрабіў да 300 фатаграфічных здымкаў тыпаў, арнаментаў і інш…”
Пазней у “Полымі” зноў пісалі: “Паміж сабраных матэрыялаў асабліва вызначаюцца нацыянальная беларуская жаночая вопратка і экспанаты, якія характарызуюць беларускую разьбу па дрэве. Гэтыя экспанаты былі знойдзены ў раёне Слуцак-Мазыр”.
Меркаваная дата выхаду альбома — студзень 2024 года.
Вацлаў Ластоўскі (8 лістапада 1883 года, цяперашняя Глыбоччына – 23 студзеня 1938 года, Саратаў, прыгавораны да расстрэлу) – беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, этнограф. Аўтар “Кароткай гісторыі Беларусі”, старшыня Рады БНР. Арганізатар шматлікіх экспедыцый у розныя рэгіёны Беларусі, падчас адной з якіх у 1928 годзе адшукаў нацыянальную святыню – Крыж Еўфрасінні Полацкай (знік падчас Другой сусветнай вайны).