Пра гэта 19 чэрвеня на апаратнай нарадзе ў Гомельскім аблвыканкаме паведаміла старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч.
Дамы, у якіх ніхто не жыве, па гэтым указе або зносяць, калі яны старыя, або прадаюць. Гэтым жа ўказам вызначаны алгарытм працы мясцовых выканкамаў па выяўленні закінутых дамоў і парадак унясення звестак пра іх у адзіны рэестр. Абследаванне стану жылых дамоў на тэрыторыі раёна праводзіцца камісійна і не радзей двух разоў на год.
Па сутнасці, гэта прызнанне правалу праграмы адраджэння вёскі. Чыноўнікі ўжо гадоў 20 распавядаюць пра тое, як важна стварыць інфраструктуру і ўмовы жыцця ў вёсцы, робяць справаздачы аб міфічных выгодах і перавагах жыцця на вёсцы, створаных дзяржавай, а цяпер вырашылі гэтыя ж вёскі проста зраўняць з зямлёй. Нават у тых аграгарадках і вёсках, дзе жыццё яшчэ кіпіць, інфраструктура не паляпшаецца, а, наадварот, сыходзіць. Зачыняюцца школы, фельчарскія пункты, сельскія крамы і клубы, а працы становіцца ўсё менш, і гэта ўжо не кажучы пра заробкі.
Паводле словаў Зянкевіч, у гэтым годзе ўжо прызнаныя занядбанымі і ўнесены ў Адзіны рэестр больш за 1, 3 тыс. дамоў на тэрыторыі вобласці. Па суду ва ўласнасць раёнаў перададзеныя 966 дамоў, з іх па 133 былі прынятыя рашэнні на продаж, па 830 – на знос. Прычым з пачатку гэтага года і да сярэдзіны чэрвеня ўжо было знесена 370 домаўладанняў.
Актывізавалася, па словах чыноўніцы, і праца па продажы пустуючых дамоў. Так, напрыклад, з пачатку гэтага года было прададзена 45 домаўладанняў. «Лепшыя паказчыкі – у Калінкавіцкім і Гомельскім раёнах», – падкрэсліла Зянкевіч.
Для параўнання: у 2023 годзе ў Гомельскай вобласці знеслі больш за 1,3 тыс. і прадалі 86 пустуючых дамоў.