Навіны горада

Украінка вывучыла беларускую мову праз каханне да палітвязня

Гісторыя пра незвычайнае каханне падчас вайны і тэрору

Адміністратар культурніцка-гістарычнага тэлеграм-канала Rezystans Мікіта Слепянок знаходзіцца за кратамі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Дзяўчына Дана чакае яго ва Украіне. “Штодзень” распытаў яе, ці цяжка было вучыць беларускую мову.

Фота: Моцныя навіны

Чаму ты вырашыла пачаць вучыць беларускую мову?

Я жыву далёка ад Беларусі. У мяне няма ні сяброў, ні родзічаў з Беларусі. Прынамсі, на той час, калі я пачала цікавіцца беларускай мовай, не было сяброў. І я ўсё роўна дзесьці чула беларускую мову гадоў з пяці. То песні нейкія на беларускай мове трапляліся. Звычайна “Песняроў”. То размовы нейкія пра Беларусь. А потым з’явілася беларускамоўнае тэлебачанне, якое цяпер нельга называць. У 2008 годзе тады ўсе ва Украіне падключалі спадарожнікавае ТВ. І мы неяк з маці глядзелі ТВ і натрапілі на Белсат гэты. Беларуская мова спачатку была дзіўная для мяне, бо не падобная ні на расейскую, ні на ўкраінскую. Мы пастаянна слухалі гэты Белсат з маці. Яна паўтарала самыя смешныя словы. Потым я пра Белсат забылася, бо на той момант навінамі цікавілася мала, бо мне было гадоў 7 ці троху болей. Калі падрасла, то знайшла кнігі ў перакладзе на беларускую мову. Я іх троху чытала. Потым у школе нешта пра Беларусь вывучалі. І я сказала, што ведаю беларускую мову, хоць я насмрэч не ведала нічога. А потым убачыла нейкі допіс навіновы, там былі каментары. Пачала пісаць у асабістыя беларусам, каб яны мне распавялі пра Беларусь. Тады я не ведала, што так нельга рабіць, бо беларусы ўспрымаюць гэта ўсё падазрона. Ва Украіне такога не было.

Спачатку мне падавалася, што ў Беларусі ўсе беларускамоўныя. А ў 2019 годзе я даведалася, што гэта не так. У 2020 годзе зноў пачала глядзець Белсат. А ў 2021 годзе пачаліся стасункі з хлопцам, які з Беларусі. Вывучыла беларускую мову недзе месяцы за два, каб даказаць яму, што я чагосьці вартая. Хтосьці думае, што гэта вельмі хутка, але я ведала ўкраінскую, мела досвед пераходу на ўкраінскую. Да гэтага перыядычна цікавілася беларускай мовай. Таму з беларускай не было асаблівых цяжкасцяў.

Палітвязень Мікіта Слепянок

Як ты вывучала беларускую мову? Якія кнігі чытала? Якімі падручнікамі карысталася?

Спачатку ўвогуле не выкарыстоўвала ніякіх падручнікаў. Я проста глядзела, як пішуць іншыя беларусы ў чатах. Размаўляла праз перакладнік спачатку, потым сама. Мой хлопец навучыў мяне беларускай мове. Я пытала, калі нейкія словы былі незразумелыя. Праз размовы вывучыла. Потым з’явіліся курсы “Мова Нанова”. Яны праз пандэмію праводзіліся анлайн. І я ўдзельнічала ва ўсіх курсах ва ўсіх гарадах. Таксама чытала мастацкую літаратуру, нейкія фільмы глядзела.

Спачатку мне падавалася, што ў Беларусі ўсе беларускамоўныя

Адкуль узнікла твая цікавасць да беларускай мовы?

Я закахалася ў беларускамоўнага хлопца і вырашыла яму давесці, што я таксама магу па-беларуску размаўляць. Спачатку не па-сапраўднаму вучыла. Проста нейкія словы пазапісвала на паперу і кінула фотку. Маўляў, глядзіце, я вучу беларускую мову. Аднекуль цікавасць з’явілася. І болей не адпускае. Часам здаецца, што беларускай мовы ў маім жыцці цяпер нават болей, чым украінскай.

У жыцці (са сваякамі, з сябрамі), якой мовай карыстаешся?

У жыцці я карыстаюся ўсім, чым толькі магчыма. З сябрамі з Беларусі – па-беларуску. З сябрамі з Украіны – на літаратурнай украінскай. На працы – таксама на ўкраінскай літаратурнай мове. Але дома я размаўляю на страшным суржыку. Я намагаюся неяк гэта перамагчы. Але пакуль не атрымліваецца. З сёстрамі намагаюся размаўляць на літаратурнай, каб яны вучыліся ў мяне. Але з бабулямі, з дзядулямі, з маці – на суржыку. А расейскай мовай я даўно не карыстаюся, мабыць, гадоў 7. Хіба ў вельмі рэдкіх выпадках. І пачынаю на яе забывацца.

Цікавы твой погляд збоку: некаторыя беларускія бацькі гавораць, што іх дзеці беларускую мову ў школе ўспрымаюць, як замежную. Што б ты параіла гэтым бацькам?

Мне цяжка даваць парады на іншую краіну і для іншых умоваў, але я ведаю гэтую праблему. Трэба паказаць, што беларуская мова – не замежная, што гэта твая мова.  І трэба паказаць, што на беларускай мове можна не толькі навучацца. Цяпер шмат беларускага кантэнту для дзяцей. Шмат відэа, мульцікаў. Ёсць шмат чаго па-беларуску. Можна па-беларуску гуляць, размаўляць. Ёсць кнігі, аўдыёкнігі. Можна беларускамоўныя дні ў сям’і зрабіць. Але беларускую мову трэба вучыць, бо гэта мова тваёй дзяржавы і ты павінен яе ведаць, бо гэта павага да краіны, да гісторыі.

Штодзень