Адміністратар культурніцка-гістарычнага тэлеграм-канала Rezystans Мікіта Слепянок знаходзіцца за кратамі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Дзяўчына Дана чакае яго ва Украіне. “Штодзень” распытаў яе, ці цяжка было вучыць беларускую мову.
Чаму ты вырашыла пачаць вучыць беларускую мову?
Я жыву далёка ад Беларусі. У мяне няма ні сяброў, ні родзічаў з Беларусі. Прынамсі, на той час, калі я пачала цікавіцца беларускай мовай, не было сяброў. І я ўсё роўна дзесьці чула беларускую мову гадоў з пяці. То песні нейкія на беларускай мове трапляліся. Звычайна “Песняроў”. То размовы нейкія пра Беларусь. А потым з’явілася беларускамоўнае тэлебачанне, якое цяпер нельга называць. У 2008 годзе тады ўсе ва Украіне падключалі спадарожнікавае ТВ. І мы неяк з маці глядзелі ТВ і натрапілі на Белсат гэты. Беларуская мова спачатку была дзіўная для мяне, бо не падобная ні на расейскую, ні на ўкраінскую. Мы пастаянна слухалі гэты Белсат з маці. Яна паўтарала самыя смешныя словы. Потым я пра Белсат забылася, бо на той момант навінамі цікавілася мала, бо мне было гадоў 7 ці троху болей. Калі падрасла, то знайшла кнігі ў перакладзе на беларускую мову. Я іх троху чытала. Потым у школе нешта пра Беларусь вывучалі. І я сказала, што ведаю беларускую мову, хоць я насмрэч не ведала нічога. А потым убачыла нейкі допіс навіновы, там былі каментары. Пачала пісаць у асабістыя беларусам, каб яны мне распавялі пра Беларусь. Тады я не ведала, што так нельга рабіць, бо беларусы ўспрымаюць гэта ўсё падазрона. Ва Украіне такога не было.
Спачатку мне падавалася, што ў Беларусі ўсе беларускамоўныя. А ў 2019 годзе я даведалася, што гэта не так. У 2020 годзе зноў пачала глядзець Белсат. А ў 2021 годзе пачаліся стасункі з хлопцам, які з Беларусі. Вывучыла беларускую мову недзе месяцы за два, каб даказаць яму, што я чагосьці вартая. Хтосьці думае, што гэта вельмі хутка, але я ведала ўкраінскую, мела досвед пераходу на ўкраінскую. Да гэтага перыядычна цікавілася беларускай мовай. Таму з беларускай не было асаблівых цяжкасцяў.
Як ты вывучала беларускую мову? Якія кнігі чытала? Якімі падручнікамі карысталася?
Спачатку ўвогуле не выкарыстоўвала ніякіх падручнікаў. Я проста глядзела, як пішуць іншыя беларусы ў чатах. Размаўляла праз перакладнік спачатку, потым сама. Мой хлопец навучыў мяне беларускай мове. Я пытала, калі нейкія словы былі незразумелыя. Праз размовы вывучыла. Потым з’явіліся курсы “Мова Нанова”. Яны праз пандэмію праводзіліся анлайн. І я ўдзельнічала ва ўсіх курсах ва ўсіх гарадах. Таксама чытала мастацкую літаратуру, нейкія фільмы глядзела.
Спачатку мне падавалася, што ў Беларусі ўсе беларускамоўныя
Адкуль узнікла твая цікавасць да беларускай мовы?
Я закахалася ў беларускамоўнага хлопца і вырашыла яму давесці, што я таксама магу па-беларуску размаўляць. Спачатку не па-сапраўднаму вучыла. Проста нейкія словы пазапісвала на паперу і кінула фотку. Маўляў, глядзіце, я вучу беларускую мову. Аднекуль цікавасць з’явілася. І болей не адпускае. Часам здаецца, што беларускай мовы ў маім жыцці цяпер нават болей, чым украінскай.
У жыцці (са сваякамі, з сябрамі), якой мовай карыстаешся?
У жыцці я карыстаюся ўсім, чым толькі магчыма. З сябрамі з Беларусі – па-беларуску. З сябрамі з Украіны – на літаратурнай украінскай. На працы – таксама на ўкраінскай літаратурнай мове. Але дома я размаўляю на страшным суржыку. Я намагаюся неяк гэта перамагчы. Але пакуль не атрымліваецца. З сёстрамі намагаюся размаўляць на літаратурнай, каб яны вучыліся ў мяне. Але з бабулямі, з дзядулямі, з маці – на суржыку. А расейскай мовай я даўно не карыстаюся, мабыць, гадоў 7. Хіба ў вельмі рэдкіх выпадках. І пачынаю на яе забывацца.
Цікавы твой погляд збоку: некаторыя беларускія бацькі гавораць, што іх дзеці беларускую мову ў школе ўспрымаюць, як замежную. Што б ты параіла гэтым бацькам?
Мне цяжка даваць парады на іншую краіну і для іншых умоваў, але я ведаю гэтую праблему. Трэба паказаць, што беларуская мова – не замежная, што гэта твая мова. І трэба паказаць, што на беларускай мове можна не толькі навучацца. Цяпер шмат беларускага кантэнту для дзяцей. Шмат відэа, мульцікаў. Ёсць шмат чаго па-беларуску. Можна па-беларуску гуляць, размаўляць. Ёсць кнігі, аўдыёкнігі. Можна беларускамоўныя дні ў сям’і зрабіць. Але беларускую мову трэба вучыць, бо гэта мова тваёй дзяржавы і ты павінен яе ведаць, бо гэта павага да краіны, да гісторыі.