Гісторык Яўген Малікаў падрыхтаваў для выдання “Мова Гомель” захапляльны цыкл матэрыялаў пра шляхецкі род, гісторыя якога паўплывала на развіццё Гомельшчыны. У першым артыкуле “Гомельскія старасты Красінскія і метамарфозы гістарычнай памяці” распавядалася пра тое, як прадстаўнікі важнай магнацкай сям’і апынуліся на Гомельшчыне. Цяпер – працяг сагі пра Красінскіх.
Асоба Васіля Красінскага цікавая яшчэ і тым, што ў 1682 г, а таксама ў 1685 г., ён актыўна ліставаўся з украінскім гетманам Іванам Самайловічам і яго сынам старадубскім палкоўнікам Сямёнам Самайловічам, а ў 1690 г. з гетманам Іванам Мазепам. У сваіх лістах ён вельмі настойліва прапаноўваў, а часам нават патрабаваў, каб да Маскоўскай дзяржавы былі далучаны яго Гомельскае і Прапойскае стараствы. Калі ў 1684 г., напярэдадні заключэння “Вечнага міру” паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй, казацкія войскі Самайловіча захапілі вёскі ўсяго левабярэжжа Сожа (уключна да Рослаўля), Васіль Красінскі са скрухай пісаў Івану Самайловічу, што яму дзіўна, чаму казакі абмежаваліся толькі землямі да Сожа, а трэба ж было захапіць таксама Гомель, Прапойск і Крычаў на правым беразе ракі.
Сваю пазіцыю і прамаскоўскую дзейнасць ён тлумачыў тым, што ў Рэчы Паспалітай адбываецца рэлігійны ціск на праваслаўную царкву з мэтай пераводу яе на ўнію (што, на жаль, было праўдай), і ў сваёй дзейнасці ён заручыўся падтрымкай часткі мясцовага мяшчанства (прапойскага). Гэта дало ў далейшым магчымасць маларасійскаму гетману аргументаваць захоп пасожскіх вёсак, а таксама прэтэнзіі на Гомель і Прапойск, у тым ліку просьбай мясцовых жыхароў аб далучэнні іх у маскоўскае падданства.
Фактычна Васіль Красінскі рыхтаваў здраду Рэчы Паспалітай, у час якой збіраўся адарваць ад яе абодва свае стараствы (якія з’яўляліся спадчынным, але арэндным (!) валоданнем, атрыманне якога кожным новым уладальнікам санкцыянавалася каралём). Можна выказаць меркаванне, што адарваннем названых старастваў ад Рэчы Паспалітай Васіль Красінскі таксама хацеў перавесці іх статус з “арэнднага валодання” ў “спадчыннае неад’емнае валоданне”, бо ў перапісцы з гетманамі ён стабільна мэтанакіравана падкрэсліваў, што гэтыя стараствы набыты ім на ўласныя грошы: “же самъ онъ есть природный холопъ Вашъ Великих государей, а на городы оныи даны от него деньги многіи, якïе з Ваших монаршихъ приходовъ уведены, при яких причинах твердит онъ, же полская сторона, якъ о его самого, такъ и о гор… оныи споритися не будетъ и мирныи договоры не узнают ниякого чрез тое нарушеніа”.
У перапісцы з гетманам і палкоўнікам, якую Красінскі прасіў захаваць у максімальнай таямніцы, прамым тэкстам абмяркоўваліся і звесткі шпіёнскага характару, якія прапойскі стараста паведамляў аб палітычным жыцці ў Рэчы Паспалітай і яе ваенных планах. Перапіска адбываліся падчас вайны, кульмінацыяй якой быў разгром туркаў пад Венай кааліцыяй войск еўрапейскіх дзяржаў на чале з каралём Рэчы Паспалітай Янам ІІІ Сабескім 12 верасня 1683 г., але пасля вайна працягнулася яшчэ некалькі год.
Калі вам падаецца, што Штодзень патрэбны, падтрымайце нас праз патрэон
Пры гэтым Васіль настойліва даводзіў зусім абсурдную рэч, што захоп маскоўскімі войскамі Пасожжа ніякім чынам не будзе ўспрыняты, як парушэнне папярэдне заключанага Андрусаўскага перамір’я 1667 г. Іншым разам ён напрамую заклікаў да парушэння мірнай дамовы, прыводзячы ў якасці аргументаў біблейскія прыклады пра “царя Ахава с царем Сирским”, ці тое, што падчас цяперашняга міру і так людзей “болей згинело од Степки Разина нижли в войну”. Васіль Красінскі нават тлумачыў нявыгаднасць саюза паміж Маскоўскім царствам і Рэччу Паспалітаю ў супрацьстаянні з туркамі і крымскімі татарамі: “Моим зданем зычилбым, яко мнѣ хрстиянское каже сумнѣне и зычливость, далеко бы лѣпей мѣт згода с турчинем и з ордою, нижли с поляки”.
Паводзіны Васіля Красінскага нагадваюць падзеі з гомельскай гісторыі канца XV – самага пачатку XVI ст., калі збеглыя з Масквы князі Мажайскія, прынятыя вялікім князем літоўскім і абдораныя землямі Севершчыны на памежжы з Маскоўскім княствам, уключна з Чарнігавам, Старадубам і Гомелем, у 1500 г. перайшлі назад на службу да маскоўскага князя і “ўвялі” з ВКЛ северскія землі. Цяжка сказаць, ці ведаў Васіль Красінскі гісторыю з Мажайскімі, але ў пэўных дэталях дакладна паўтараў іх дзеянні.
Так, у 1499 г. князь Сямён Мажайскі бярэ ў караля польскага і вялікага князя літоўскага Аляксандра пацвярджальны прывілей аб тым, што Северскія землі (Чарнігаў, Карачаў, Хацімль, Старадуб, Гомель) аддаваліся яму, яго жонцы і дзецям навечна, ён мог іх падарыць, прадаць, абмяняць. Гэта было звычайнай з’явай для атрыманых ад караля зямельных наданняў, платай за што ва ўмовах феадальнага грамадства была вернасць васала і падтрымка ім свайго сюзерэна, у дадзеным выпадку караля. Па атрыманні такога пацвярджальнага дакумента, што ён з’яўляецца паўнавартасным уладальнікам северскіх земляў, у наступным 1500 г. Сямён Мажайскі перайшоў на службу да праціўніка свайго сюзерэна, да маскоўскага князя Івана ІІІ, робячы бясспрэчную здраду і парушэнне сваёй клятвы на крыжы – “крыжацалавання”.
Нешта падобнае рыхтаваў і Васіль Красінскі, які ў 1690 г. узяў ва ўрадзе гродскім Рэчыцкага павету даведку, што ён з’яўляецца ўладальнікам свайго Прапойскага стараства з 60 дымамі, пяццю млынамі і адной карчмой, а 13 снежня таго ж года прыехаў да новага гетмана Мазепы ўсё з той жа прапановай, на гэты раз нават вельмі тэрміновай, аб далучэнні да Маскоўскага царства Гомельскага і Прапойскага старостваў.
Гетман Мазепа, у адпаведнасці з субардынацыяй, запытаўся ў маскоўскіх цароў аб сваіх далейшых дзеяннях адносна прапановы Красінскага. Тыя, аднак, палічылі прапанову Красінскага правакацыяй з мэтай распачаць вайну і, як цытуе іх ліст І. Мазепа, “указали впредь с сего времяни, ево Красенского, и племянника ево, и родственников, и людей ево, из за польского, и литовского рубежей, ни в которые свои царского пресветлого величества малоросийские городы, и монастыри, никогда ни для чего не пропускать, и никому с ним не списыватца, и свидания с ним, и с людьми ево как духовным, так и мирским людем не имети ни о чем; и чтоб я гетман о том во всех малоросийских городах полковником, и старшине, и всяким урядником учинил заказ накрепко, чтоб отнюдь нихто с ним Красенским знакомства и ссылок не имел, потому что он вор, и изменник, и проезжает в малоросийские городы, для всякого зла, хотя привести вас великих государей к недружбе с королевским величеством, а буде впредь от него Красенского что х кому на письме, или подсылкою чрез кого отзовется, чтоб я подданный о том к вам великим государем писал, и письма те присылал, а подсыльщика ево задержал, в крепком месте, до вашего великих государей указу.”
Дата смерці Васіля Красінскага невядомая, па сабе ён не пакінуў дзяцей, яго спадчыннікам, у тым ліку абодвух старастваў, стаў пляменнік Томаш Красінскі, які цяпер падпісваецца “стольнік цеханоўскі, стараста гомельскі і прапойскі”.
Працяг будзе…
Штодзень
Аўтар: гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў
Просім падтрымаць нас на патрэоне.
Увага!!! З Беларусі не падтрымлівайце нас, паколькі гэта цягне за сабой рызыку крымінальнага пераследу.