У Варшаве адсвяткавалі альтэрнатыўны Дзень Гомеля

Ужо другі год запар гамельчукі і жыхары іншых беларускіх гарадоў збіраюцца ў Варшаве, каб адсвяткаваць Дзень Гомеля ў выгнанні. На гэты раз удзельнікаў чакала лекцыя па гісторыі горада, квіз, чытанне вершаў гомельскіх паэтаў, кірмаш і ды-джэй сэты.

Святкаванне прайшло ў варшаўскім бары Karma Crew. Ацаніць колькасць удзельнікаў цяжка, але іх, відавочна, было больш за 100-150 чалавек.

«Мы другі год арганізуем гэта цудоўнае мерапрыемства для вас, як заўсёды бескаштоўна, каб вы маглі добра пабавіць час. Як заўсёды бескаштоўна, каб вы маглі добра пабавіць час, крышачку грошаў мы маглі пазбіраць для палітвязняў», – звярнуўся да гасцей сугаспадар бара Krama Crew Глеб Кавалёў.

«Дзе б я не быў, мне падаецца, гомельскія заўсёды сабе ідэнтыфікуюць, адбудоўваюць супольнасць. Таму мне абсалютна зразумела, чаму гэта ўжо другі раз адбываецца гэты Дзень горада Гомеля. Я магу толькі пажадаць, каб гомельскае зямляцтва расло, каб яно было не толькі варшаўскім, а планетарным, сусветным», – адзначыў старшыня рады «Цэнтра новых ідэй», ураджэнец Гомеля Антон Раднянкоў.

Пра гісторыю Гомеля (хоць тэма спачатку была заяўленая як «Гомельскі замак XVI-XVIII ст»), у тым ліку тую, якую атрымалася адшукаць у замежных архівах, распавёў гісторык Яўген Малікаў. У прыватнасці ў горадзе, які некалькі разоў згараў ушчэнт, была драўляная Спаская царква, месца знаходжання якой раней было невядома. Але, працуючы ў архівах Літвы і Польшчы, Малікаў даведаўся, што калісьці яе фундамент быў на тым месцы ў парку Румянцавых-Паскевічаў, дзе пазней з’явіліся вядомыя жыхарам Гомеля магілы сабак князя Фёдара Паскевіча-Эрыванскага.

Яўген Малікаў

Паводле гісторыка, быў у гісторыі Гомеля і выпадак, калі горад згарэў праз мяшчанку Сямёнаву, якая няўдала сушыла грыбы. Вынікам пажараў, як лічыць Малікаў, стала тое, што Гомель «амаль не мае прыкметаў гісторыі», хоць яму ўжо больш за 880 год. Самы стары будынак у горадзе – гэта палац Румянцавых-Паскевічаў (яго цэнтральная частка, бо іншыя былі дабудаваныя пазней).

Лекцыю стала слухалі больш за 30 чалавек і актыўна задавалі пытанні. Найлепшае – атрымала ўзнагароду.

Далей усе маглі паўдзельнічаць у квізе пра гісторыю горада. У прыватнасці можна было адгадаць, чым першапачаткова з’яўлялася аглядная вежа ў парку (трубой цукровага заводу), людзям з якімі прозвішчамі ў Гомелі ёсць два помніку (Румянцавым, таму што клоўн Аловак таксама быў Румянцавым).

Арганізатары прадставілі мерч з спрадвечнай марай жыхароў Гомеля – схемай гарадскога метро.

“Гомельскае метро. / Хто мне раскажа, хто падкажа, / Дзе ж яно, дзе ж яно.”

Іншыя сувеніры можна было набыць на невялікім кірмашы. Гомельскія паэты Андрэй Пячынскі, Іван Марозька і Алесь Плотка зачыталі свае вершы, адыграў гурт CzesLove & Leo а напрыканцы свята выступілі DJ Moray Eel і DJ Allset.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары