Tor Band – музычны рок-гурт з Рагачову. Ён стаў вядомым у 2020 годзе, а ягоныя песні называлі гімнам пратэстаў. Усе чулі іх «Мы не народзец», «Жыве», кліпы на іх сабралі мільёны праглядаў Youtube. Улады адпомсцілі музыкам, прысудзіўшы за іх творчасці да 9 год пазбаўлення волі.
«Штодзень» прыгадвае пра гурт у гадавіну прысуду.
Гісторыя гурта
Завадатар і аўтар песняў Tor Band Зміцер Галавач. Ён прыехаў з Масквы ў родны Рагачоў у 2010-ыя, каб правесці канцэрт. Там пазнаёміўся з Яўгенам Бурло. Мяняліся людзі і назвы, і з 2017 года гурт стаў вядомы як Tor Band. Андрэй Ярэмчык далучыўся да яго ў 2020 годзе.
Зміцер пры гэтым заставаўся фатографам, а ў Рагачоў з Масквы вярнуўся калісьці, каб дапамагаць маме. А Яўген – у свой час гукарэжысёр мясцовага Дома культуры.
«Я прынёс песню ў красавіку – тады яшчэ не было ніякіх пратэстаў»
Саліст распавёў гісторыю хіба самай знакамітай песні гурта «Мы не народзец»
«Я прынёс песню ў красавіку – тады яшчэ не было ніякіх пратэстаў, нікога не закрывалі, усё было добра і роўна, – казаў Зміцер у 2020. – Па сутнасці, мы не маглі планаваць такую рэакцыю, таму што песня першапачаткова не планавалася як пратэсная. Людзі нам пішуць: “Класны пратэсны трэк!” Але ён патрыятычны, а не пратэсны».
Ён кажа, што «гэта песня пра тое, што насамрэч думаюць пра сябе людзі». «Фразы пра «народзец» выклікалі абурэнне і ў мяне, і ў велізарнай колькасці людзей. Гэта вельмі моцна ўдарыла па самалюбстве беларускага народа», – адзначаў музыка.
Два гады таму Зміцер пісаў у канале гурта: «Сёння мне 40 гадоў і я ўпершыню азірнуўся назад. І калі сапраўды, я задаволены. Хацеў бы я стаць маладзейшым? На жаль, але не. Толькі з узростам і досведам ты ўмееш шанаваць тое, што ў маладосці з’яўляецца дадзенасцю. Толькі з узростам ты вучышся правільна фармуляваць думкі, прыгожа іх выкладаць і адчуваць усё тое, што адбываецца не толькі ў табе, але і вакол».
Яўген распавядаў у 2020 годзе: «Да 9 жніўня на плошчы я адпрацаваў тры канцэрты ў падтрымку дзейнай улады, бо тады яшчэ не было ўсёй той дзічыны, якая адбываецца зараз… Але калі паклікалі працаваць на мітынг пасля выбараў, я сказаў: «Прабачце, можаце прымяняць дысцыплінарнае спагнанне». Але абышлося, у выніку знайшлі чалавека з раёна».
Андрэй казаў: «[Кіраўніцтву] увогуле ўсё роўна. Вучні, вядома, кажуць пра гэта, «Мы вас у кліпе бачылі». Пытаюцца, слухаюць, падтрымліваюць. Я вяду ў 5-11 класаў. З нагоды музыкі могуць пагутарыць класы 7-8, 10. Я б не сказаў, што яны ўсё разумеюць [пра сітуацыю ў краіне]».
«У нас не ўзнікала пытанняў, ці працягваць граць. У нас былі песні, якія мы хацелі выпусціць: трэкі “Жыве”, “Хто, калі не ты”, была каласальная падтрымка. У нас з’явілася столькі знаёмых па ўсёй краіне! Мне ўвогуле здаецца, што беларусы навучыліся любіць сябе. Такой любові яшчэ ніколі не было, і пачуццё патрыятызму зараз зашкальвае. Мы даведаліся пра сваю краіну. Ніхто не падазраваў, што сістэма, якая выбудоўвалася 26 гадоў, прывядзе да такой кансалідацыі», – казалі музыкі.
«Не страшна толькі псіхапату. Любому нармальнаму чалавеку, у якога ёсць інстынкт самазахавання, усім страшна. Калі гаворка заходзіць (хоць яна ні разу і не заходзіла ў нашым калектыве) рабіць ці не рабіць – адназначна рабіць. Усе гатовыя да чагосьці, нейкіх пытанняў і праблем. Але спадзяёмся на лепшае», – казаў тады Яўген.
Затрыманне і вялізныя тэрміны
Музыкаў Tor Band спачатку затрымалі па адміністрацыйных справах, але ўжо не выпусцілі. У студзені 2023 года іх гурт прызналі экстрэмісцкім фармаваннем, у лютым гітару лідара гурта канфіскавалі за стварэнне “экстрэмісцкага кантэнту”. У кастрычніку асудзілі за абразу Лукашэнкі, распальванні сацыяльнай варожасці, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і дыскрэдытацыі Беларусі.
Дзмітрыя Галавача прысудзілі да 9 гадоў калоніі, Яўгена Бурла – 8 гадоў калоніі, а Андрэя Ярэмчыка – 7,5 гадоў калоніі. Агульны тэрмін – 24,5 года пазбаўлення волі. Ва ўсіх узмоцненага рэжыму.
На абвяшчэнні прысуду прысутнічалі сваякі музыкаў. «Яны ўсё плакалі», паведамляла тады Радыё «Свабода», адна са сваячак страціла прытомнасць. Яўген Бурло быў на мыліцах, ён з цяжкасцю перасоўваўся, у музыкі знайшлі некроз тазабедраных суставаў.
Беларусы сабралі на падтрымку сем’яў музыкаў больш за 14 тысячаў еўра.
«Музыкі Tor Band атрымалі жахлівыя тэрміны за песні. Менавіта за песні — за музыку і тэкст. Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было. Неабходна знайсці ўсіх, хто спрычынены да гэтага прысуду. Не проста суддзю з пракурорам, а, напрыклад, чалавека-шрубку, які рабіў літаратурную экспертызу тэкстаў песень. Ці асобаў, якія ініцыявалі крымінальную справу. Усіх, хто меў дачыненне да гэтага. Цётачка з дому культуры, што напісала данос — як ёй, нармальна спіцца пасля таго, як яна даведалася пра 9 гадоў?» – запытаўся пасля прысуду вядомы беларускі музыка Лявон Вольскі.
Помста ўладаў музыкаў – жорсткая, несправядлівая і незаконная. Але іх музыка ўсё яшчэ з намі. Пасля затрымання музыкаў на нейкі момант знікала змесціва іх ютуб-канал з усёй музыкай, але пасля ён аднавіў працу, даступная музыка Tor Band і на іншых платформах.