15 верасня Гомельская абласная бібліятэка адзначыць сваё 95-годдзе. З гэтай нагоды плануюцца правесці акцыю “бібліяноч”. У праграме мерапрыемства — тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам расейскага паэта Цютчава, расейскага пісьменніка Астроўскага і расейскіх князёў Паскевічаў. Таксама плануецца музычная пляцоўка, прысвечаная 220-годдзю расейскага кампазітара Гурылёва, кніжная выстава, прысвечаная расейскаму пісьменніку Астроўскаму. Літаратурная выстава да 185-годдзя публікацыі казак расейскага паэта Пушкіна. Віктарына да 120-годдзя расейскага пісьменніка Чэхава. І інтэрактыўная гульня да 165-годдзя выйсця аповесці расейскага пісьменніка Тургенева “Ася”.
Такое адчуванне, што супрацоўнікі бібліятэкі абсалютна не ведаюць беларускіх пісьменнікаў і твораў. Ва ўсёй досыць вялікай праграме святкавання 95-годдзя бібліятэкі згадалі толькі 5-годдзе мемарыяльнай залі Андрэя Макаёнка.
А разам з тым, з Гомельшчынай звязаная нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, святы праваслаўнай царквы і філосаф Кірыла Тураўскі, паэт эпохі Адраджэння Мікола Гусоўскі, пісьменнік Іван Шамякін, народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ, паэт Анатоль Сыс… Рагачоў Гомельскай вобласці любіў наведваць Уладзімір Караткевіч, дзе пражывалі яго сваякі. Аднак Гомельская абласная бібліятэка папулярызуе толькі расейскіх пісьменнікаў, зусім не звязаных з Гомельшчынай.
Шчыра хацелася б верыць у тое, што “забыццё” беларускіх класікаў супрацоўнікамі Абласной бібліятэкі — гэта прыкрая недапрацоўка. Але ёсць шэраг абставін меркаваць, што навязванне расейскай імперскай культурнай спадчыны адбываецца невыпадкова. “Штодзень” нядаўна пісаў пра тое, як гомельскія бібліятэкары праходзяць навучанне ў РФ. Мы таксама праводзілі спецыяльнае расследаванне пра набыццё вялікай партыі кніг сумнеўнага зместу ў РФ для Магілёўскай абласной бібліятэкі.
У выпадку з акцыяй “Бібліяноч” у Гомелі можна канстатаваць, што мясцовы “Рускі дом” мае непасрэдны ўплыў на рашэнні адміністрацыі ўстановы. На гэта ўказвае, у прыватнасці, тое, што адным з пунктаў праграмы “Бібліяночы” з’яўляецца прэзентацыя культурна-асветніцкага праекту “Усё жыццё – тэатру”, што робіцца пры падтрымцы “Рускага дому”.