Ці ведалі вы, што 11 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень рысі? Сабралі цікавыя факты пра жывёлу, што ўпрыгожвае афіцыйны гомельскі сцяг.

Фота: pixabay.com
Сярод гомельцаў няма адзінства адносна да таго, ці павінна рысь быць сімвалам горада. Адны лічаць такую сімволіку ідэалагічна-негістарычнай. Другія ахвотна фатаграфуюцца ля выяў з маскотам. Але, у любым выпадку, нішто не перашкаджае нам загадаць сёння пра «вялікую котку» як пра адну з жывёл, што сустракаецца ў лясах Беларусі.
У ХІХ ст. рысі жілі на нашай тэрыторыі ў вялікай колькасці. Але ўжо пад канец ХХ ст. налічвалася не больш за 400–500 асобін, што дало падставу для ўнясення гатунку ў Чырвоную кнігу Беларусі. Гэта дало свой вынік. Зараз рысь зноў сустракаецца па ўсёй краіне, часцей за ўсё ў Мінскай, Віцебскай і Гомельскай абласцях. Падобна, што дакладная колькасць не падлічана – розныя інстанцыі прыводзяць розныя даныя. Міністэрства прыроды ў 2023 г. агучыла лічбу 1315. Спецыялісты міністэрства актыўна назіраюць за рыссю з 2021 г. і кажуць, што калі папуляцыя ўзрасце да 1520, яе выключаць з Чырвонай кнігі. Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў яшчэ ў мінулым годзе пачало казаць пра наяўнасць 1682 асобін і прапанавала дазволіць паляваць на гэтую жывёлу. У лістападзе 2024 года гэта часткова рэалізавана: дазволена паляваць на рысь у абмежаванай колькасці, каб рэгуляваць папуляцыю, але гатунак пакуль застаецца з Чырвонай кнізе.

Фота: pixabay.com
Рысь – драпежнік з вельмі спецыфічнымі звычкамі. Яна спажывае толькі свежае мяса і не робіць запасаў. За адзін раз з’ядае ад 400 да 900 грамаў ежы, максімум – каля 1,2 кг. Аснову рацыёну складаюць казулі, зайцы, вавёркі, глушцы, цецерукі і рабчыкі. Але часам яна здабывае і маладых аленяў ці ласёў.
Рысь вядзе аселы лад жыцця і ўплывае на колькасць іншых жывёл у сваім угоддзі. Паводле назіранняў, дарослы самец ловіць адну казулю прыкладна раз на 6 дзён, а самка з двума кацянятамі – кожныя 4–5 дзён.
Прыручыць рысь цяжка. Але гэты гатунак добра жыве і размнажаецца ў няволі.
Акрамя Гомеля, прысутная рысь на сцягах Расейнаў (Літва), Экабпілса (Латвія), Канта-Хямэ (рэгіён Фінляндыі).
Рысь сустракацца на македонскіх дэнарах (2006). Да пераходу на еўра, былая яна і на 50 літоўскіх літах (2006).
Папяровыя беларускія рублі з рыссю сёння засталіся толькі ў калекцыянераў. Як і залатая манета 2008 года.
У 2000 годзе рысь «заскочыла» на беларускія паштовыя маркі.
Пабачыць сапраўдных жывёл можна ў Гродзенскім заапарку. Алтай і Юта пасяліліся тут некалькі год таму.

Фота: www.grodnoplustv.by