UPD “Згодна трэку дадзенага борта на FR24, не бачна нейкіх незвычайных адхіленняў ад маршрута. Ну і галоўнае – “абстраляны” ўчора позна вечарам борт усяго толькі праз 1,5 гадзіны пасля пасадкі ў Шарамецьева выконваў ужо наступны рэйс у Махачкалу. Ён і цяпер дапушчаны да палётаў”, – паведамляецца ў інфармацыі.
У сацыяльных сетках і расійскіх блогах пашыраецца інфармацыя пра нібыта атаку расійскай сістэмы супрацьпаветранай абароны (ПВА) на пасажырскі самалёт Boeing 737-800, які выконваў рэйс AFL1845 з Мінска ў Маскву, паведамляе “Хартыя 97” са спасылкай на публіцыста Аляксандра Няўзорава.
Тэлеграм-канал “ОтВинта | Авиация Беларуси” абвяргае інфармацыю пра інцыдэнт з самалётам, які ляцеў ноччу з Мінска ў Маскву 🛫
Ілюстрацыйнае фота
Гаворыцца, што нібыта падраздзяленне ПВА РФ памылкова прыняло пасажырскі борт за беспілотнік і ледзь не збіла яго.
На прадастаўленым аўдыязапісе, які быццам бы паходзіць з радыёэфіру, чутна, як пілоты крычаць вайскоўцам, што на борце знаходзяцца людзі, і што гэта грамадзянскі рэйс. Згодна з паведамленнямі, інцыдэнт адбыўся ў ноч на 11 ліпеня каля 00:20 падчас пасадкі ў Маскве. У гэты час расійскія вайскоўцы адбівавалі атаку ўкраінскіх дронаў на вайсковыя аб’екты ў рэгіёне.
Няўзораў сцвярджае, што самалёт атрымаў нязначныя пашкоджанні, але змог бяспечна прызямліцца, і ніхто не пацярпеў. У яго матэрыялах прыводзіцца цытата меркаванага запісу пілота:
”Дакладвае пілот борта. Грамадзянскі маршрут. Дазвол атрыманы. Па нас працуе ПВА. Гэта не мэта. Тут людзі. Грамадзянскі борт прынялі за БПЛА. Мы пад актыўным агнём”.
Паводле звестак сайта FlightAware, рэйс AFL1845 сапраўды вылецеў з Мінска 10 ліпеня ў 23:27 (па мінскім часе) і прызямліўся ў Маскве ў 00:36. На карце палёту не адзначана ніякіх адхіленняў.
Афіцыйныя прадстаўнікі “Аэрафлота”, Расавіяцыі і іншыя дзяржаўныя органы пакуль не каментавалі гэтыя паведамленні.
У тую ж ноч адбыўся масавы налёт дронаў на расійскія ваенныя аб’екты. Паводле выдання “Фокус”, удары прыйшліся па горадзе Дубна (каля 80 км на поўнач ад аэрапорта “Шарамецьева”), дзе знаходзіцца завод ВПК “Кронштадт”. Таксама паведамлялася пра выбухі ў Туле і каля Каломны ў Падмаскоўі.
Акрамя Мінска, у Маскву цяпер выконваюцца рэйсы і з Гомеля. Гэта значыць, што рызыку патрапіць пад “сяброўскі” агонь расійскай ПВА нясуць усе пасажыры беларускіх рэйсаў у РФ.