У Познані пройдзе KITA SUPPORT DAY у падтрымку былой палітзняволенай Крысціны Чаранковай

by ZB

Крысціна Чаранкова выйшла на волю ў красавіку і была вымушаная адразу ж выехаць з Беларусі. «Штодзень» распавядае, як яе можна падтрымаць пасля пераезду, а таксама цытуе ўспаміны былой палітзняволенай пра калонію.

Крысціна Чаранкова

Хто такая Крысціна

Крысціна Чаранкова паходзіць з Мазыра і займалася афармленнем вясельных залаў па Гомельскай вобласці. У яе Instagram было 15 тысяч падпісчыкаў. Яго прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, а саму Крысціну ўнеслі ў спіс “асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Дзяўчыну асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў 2022 годзе. Суд прызнаў яе вінаватай у распальванні варожасці супраць міліцыянтаў праз яе допісы ў Instagram.

На судзе Чаранкова распавяла, што ў жніўні 2020 году міліцыя затрымала бацькоў яе мужа, іх білі. Таму яна пачала негатыўна ставіцца да сілавікоў.

Як дапамагчы

  1. KITA SUPPORT DAY.

Заўтра, 18 траўня а 18.30, на сквоце Розбрат у Познані адбудзецца беніфітавая імпрэза для падтрымкі былой палітзняволенай Крысціны Чаранковай.

У праграме: абмеркаванне кнігі Д. Оруэла «Даніна Каталоніі», прагляд фільму К. Лоўча «Зямля і воля», піца, гульні і віктарына з прызамі, караоке, дыджэйскі сэт.

  1. Таксама можна перавесці грошы наступным чынам:

Fedar Charankou

LT553250020307376461

Revolut Bank UAB

59 1020 4900 0000 8602 3669 8310

Krystsina Charankova

PKO

BLIK: +48 573 914 653

PAYPAL: A.CHARANKOVA@gmail.com

Успаміны пра калонію

Пакаранне Крысціна Чаранкова адбывала ў калоніі №4 (на вуліцы Антошкіна ў Гомелі). Пра яе яна распавяла праекту «Палітвязанка».

«Я апішу адным сказам: калі б у дна было дно, то гэтым дном было б Антошкіна», – прыгадвае яна калонію.

«Для мяне ў калоніі адным з найбольш складаных момантаў – гэта было ўсведамленне ўласнай бездапаможнасці. Тваё ўнутранае пачуццё справядлівасці, якое ўсё паглынае і ўсё разрывае, натыкаецца на глухую сцяну гэтай сістэмы — жахлівай, тупой, якая ператварае людзей у азлобленых баранаў», – апісала Крысціна.

Паводле яе словаў, «страшна было бачыць, што людзі, якія сапраўды матывавалі і з’яўляліся моцным унутраным стрыжнем, слабелі і ламаліся пад гэтай сістэмай, ператвараліся альбо ў агрэсіўных незразумелых асобаў, альбо параноікаў».

Асабліва яна таксама адзначала бытавыя ўмовы і працу.

Як распавяла былая палітзняволеная, мыцца ў лазні ў калоніі можна адзін раз на тыдзень, «ты павінны хадзіць з бруднымі валасамі, бо інакш гэта ўжо парушэнне».

«У калоніі пахне «мокрай сабачынай». Гэтая целагрэйка яна амаль увесь час вільготная. Яе немагчыма прасушыць. А мокрая целагрэйка заўсёды пахне сабакам», – дадала яна.

Яна адзначыла, што «ніхто асабліва не глядзіць на твой стан здароўя, на тое, што ты жанчына». «Ёсць проста ўказанні з боку адміністрацыі або актыву нешта рабіць, і ты робіш – і ўсім пляваць, што ты слабая дзяўчынка», – апісала Крысціна Чаранкова.

Крысціна прыгадвае, што асабліва складана ў калоніі пераносіць зіму. Паводле яе словаў, аднойчы яны ўсю нядзелі калолі лёд і чысцілі снег, «ты цягнеш мех у два разы цяжэй за цябе, зацягваеш на нейкую гору, падаеш, але ўсё роўна цягнеш».

«Гэта вечная мерзлата, змрок, рана цямнее, позна святлее. Ты ўвесь час у дэпрэсіўным настроі, не паспяваеш апранацца пасля душа», – прыгадала былая палітзняволеная.

Яна патлумачыла гэта вялікай колькасцю адзення, якое трэба зняць і апрануць, таму на само мыццё з 15 дазволеных хвілінаў застаецца не больш за пяць»,

«Таксама гэта пастаяннае цяганне снегу. Гэта мой унутраны боль, мне здаецца, у мяне на ўсё жыццё развілася “снегафобія” пасля гэтых пякельных мяшкоў са снегам, рыдлёвак. Гэта кашмарна», – распавяла дзяўчына.

Сярод непрыемнасцяў вясны яна прыгадала мошак, ад укусаў якіх «у дзяўчынак развіваліся моцныя алергіі», лета – санцапёк.

«Незалежна ад надвор’я мы знаходзіліся на вуліцы каля 2 гадзін штодзённа. Толькі калі былі моцныя марозы нас адпускалі трохі раней. Але ўсё роўна велізарную колькасць часу ты стала прастойваеш ці кудысьці павольна ідзеш», – дадала Крысціна.

Пра маральны стан палітзняволеных жанчынаў яна распавяла так: «Многія сапраўды вельмі стаміліся. Стаміліся чагосьці чакаць, на нешта спадзявацца. Калі ў нас у “жоўтых гуртках” (праз колер бірак, якія атрымліваюць палітвязні) узнікалі размовы пра амністыі, нейкія перамовы, ніхто радыкальна супраць не выказваўся. Усе, наадварот, трымалі ў сэрцы надзею, што можа быць мы ўсё ж такі выйдзем раней. Адна справа, калі табе сядзець год-два-тры, а калі тэрмін 10 і больш гадоў… гэта складана. Такіх там шмат, вельмі шмат. І з часам людзі губляюць надзею і не ведаюць, чаго чакаць, ні ў што не вераць».

На волі па словах Крысціны яна знаходзіцца ў лёгкай прастрацыі, дэзарыентавана, вучыцца жыць па-новаму. Я змагла з сабой узяць адзін партфельчык з рэчамі з калоніі, бо не змагла заехаць у сваю кватэру перад ад’ездам.

«Мне фактычна ўсё трэба нажываць па-новаму, вучыцца жыць у новай краіне. Мой мозг знаходзіцца ў сталым стрэсе. Але я думаю, што я спраўлюся. Я моцная, усё будзе добра», – закончыла дзяўчына.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png