У падтрымку Леаніда Судаленкі, які нядаўна вызваліўся з турмы і пакінуў краіну, абвешчаны грашовы збор

Да зняволення абаронай правоў чалавека Леанід Судаленка займаўся 20 гадоў – дапамагаў рыхтаваць і накіроўваць звароты супраць дзеянняў уладаў Беларусі ў Камітэт ААН па правах чалавека, узначальваў гомельскае аддзяленне “Вясны”, дапамагаў выплачваць штрафы жыхарам Гомельскай вобласці, якіх пераследавалі за ўдзел у акцыях пратэсту. А той факт, што Судаленка дапамог шматдзетнай сям’і арыштаванага Леаніда Кавалёва сабраць грошы, каб набыць дровы на зіму, у судзе кваліфікавалі як «фінансаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»

Леанід Судаленка пасля вызвалення з калоніі сусттрэўся са сваёй мамай

У выніку Леаніда Судаленку затрымалі адным з першых “вясноўцаў”. 21 ліпеня пасля трох гадоў зняволення ён выйшаў на волю, цалкам адбыўшы ўвесь тэрмін пакарання.

Праз 14 дзён праваабаронцу ўдалося пакінуць Беларусь. Паводле Леаніда Судаленкі, гэта было вельмі цяжкае рашэнне.

“У мяне сям’я, жонка, сын школьнік у дзявяты клас пойдзе ў верасні — і цяжка было прымаць рашэнне, таму што я не адзін, я з сям’ёй, сям’я маральна не гатова ехаць, і канешне я ў такой сітуацыі складанай… Жонка сказала: “Лепш я да цябе буду ездзіць у Вільню (куды з’ехаў Леанід — Заўв.), чым у турму ў Віцьбу (дзе знаходзілася калонія, у якой сядзеў Леанід — Заўв)”. Тым больш, што калі б мяне па-новаму судзілі, то я быў бы ўжо не ў Віцьбе, таму што Віцьба — гэта агульны рэжым, і такая больш-менш лайтовая калонія, як кажуць, у параўнанні з іншымі, хаця я ў іншых месцах не быў. Але калі ўжо б па другому разу мяне судзілі, гэта быў бы ўжо строгі рэжым, і я б, напэўна, дзесьці ўжо б у Оршу паехаў бы, а гэта больш складаныя ўмовы былі б. І вось, зыходзячы з усяго гэтага і бачачы такую пільную ўвагу да маёй асобы з боку міліцыянтаў, я ўсё ж прыняў рашэнне з’ехаць”, – паведаміў Леанід Судаленка праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

Зараз у новай краіне праваабаронцу патрэбна дапамога. З гэтай нагоды аб’яўлены грашовы збор на 3000 еўра. Судаленка плануе працягнуць дапамогу людзям і для гэтага яму патрэбны грошы для ўладкавання на новым месцы. Дапамагчы можа кожны жадаючы. Але нагадаем: калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, рабіць грашовыя пераводы з беларускіх рахункаў для вас небяспечна, бо і “Вясна” і bysol.org прызнаныя экстрэмісцкімі рэсурсамі. Таму для дапамогі лепей скарыстацца замежнымі рахункамі.

Ахвяраваць грошы можна па спасылцы.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары