У Нямеччыне прыватнік пацясніў дзяржаўную чыгунку

У той час, як Беларусь вяртае савецкія цягнікі замест сучасных Штадлераў, у Нямеччыне прыватнік кідае выклік дзяржаўнаму манапалісту. Добрая навіна не толькі для немцаў, але і для турыстаў.

 

Фота: www.bild.de

 

Пакуль у Беларусі на рэйкі вяртаюцца старыя савецкія цягнікі, бо з-за санкцый цяжка адрамантаваць папулярныя сярод пасажыраў Штадлеры, у дэмакратычнай Германіі прыватная кампанія Flix, вядомая найперш сваімі аўтобусамі, актыўна пашырае чыгуначныя паслугі і стварае канкурэнцыю дзяржаўнай Deutsche Bahn.

Flix абвясціла аб закупцы 65 новых высакахуткасных цягнікоў на агульную суму да 2,4 мільярдаў еўра. Новыя саставы будуць развіваць хуткасць да 230 км/г, мець сучасны дызайн і зручны ўваход без прыступак.

Па словах кіраўніка Flix Андрэ Швемляйна, гэта “моцны сігнал для ўсіх пасажыраў – нарэшце з’явіўся рэальны выбар. Больш канкурэнцыі – лепшыя цэны, большая надзейнасць і аптымальны сэрвіс”.

Ужо цяпер FlixTrain абслугоўвае 50 гарадоў у Нямеччыне. Кампанія плануе, што значная частка новых цягнікоў будзе працаваць менавіта на ўнутраных маршрутах. Новы міністр транспарту Германіі Патрык Шнідэр таксама падтрымаў ініцыятыву і назваў яе “крокам да сапраўднага выбару для спажыўцоў”.

У той час, як у Беларусі чыгуначныя паслугі ад манапаліста без выбару шмат у чым працягваюць традыцыі савецкіх стандартаў, у краінах з развітой дэмакратыяй і рынкавай эканомікай спажывец атрымлівае галоўнае – якасць, надзейнасць і канкурэнтныя цэны. Бо там, дзе ёсць канкурэнцыя, выграе заўсёды чалавек.

 

Штодзень

Слайдар пастоў