Для соняў супрацоўнікі нацыянальнага парка і навукоўцы пабудавалі гэтай вясной блізу 100 домікаў, а сляды барсукоў адшукалі пад час экспедыцыі.
У трох са ста домікаў пасяліліся соні арэшнікавыя, а гэта від, які ў Беларусі занесены ў Чырвоную кнігу. У адным з іх з’явіўся маладняк.
У сваю чаргу барсука знайшлі пад час экспедыцыі па Сіманіцкім лясніцтве. Раней лічылася, што на гэтай тэрыторыі гэты від не жыве.
З двух барсучых гарадкоў адзін стала выкарыстоўваецца звярамі, там ёсць маладняк.
Навукоўцы будуць назіраць і за сонямі, і за барсукамі, у тым ліку праз фотапасткі.
Нацыянальны парк «Прыпяцкі» знаходзіцца ў міжрэччы Прыпяці, Сцвігі і Убарці, на тэрыторыі Жыткавіцкага, Лельчыцкага і Петрыкаўскага раёнаў Гомельскай вобласці.
З чырвонакніжных відаў там жывуць еўрапейская норка, зубр, рысь, барсук, а таксама некалькі відаў сонь, сярод якіх арэшнікавая самая рэдкая. Акрамя таго, у парку ажно 256 відаў птушак, а гэта 98% фаўны птушак Палесся і 79% усёй Беларусі, а таксама больш за 90% чырвонакніжных птушак краіны.