Андрэа Лучыдзі пераехаў у РФ два гады таму, пра гэта згадваюць і беларускія прапагандысцкія СМІ. Але яны маўчаць, што ён жа насамрэч т.зв. ваенкор, расійскі прапагандыст, які працаваў на вайне з Украінай.
Так, сам італьянец распавядаў, што родная маці лічыць яго вар’ятам.
«Яна сказаў мне: “Чаму ты хочаш ехаць у Расію? Ты ж італьянец!” Я адказаў: “Гэта таксама мая вайна”. Я – антыфашыст. Ва Украіне вялікая праблема з неафашызмам, неанацызмам», – сказаў ён у інтэрв’ю для праграмы «Чалавек і закон» на расійскім «Першым тэлеканале».
У жніўні італьянец быццам бы працаваў над фільмам пра людзей на Данбасе, ён бываў на акупаваных тэрыторыях Украіны, даваў каментарыі мясцовым расійскім прапагандыстам.
Як гэта ўсё звязана з паездкай Лучыдзі ў Беларусь застаецца загадкай, але ён з’явіўся ў Хойніцкім раёне і цяпер вывучае, «як жыве рэгіён пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС і, у першую чаргу, развіваецца Палескі запаведнік». У планах Лучыдзі «несці праўду свету», ён размаўляе на рускай мове з акцэнтам, але свой ролік запісвае на італьянскай.
«Сёння мы бачылі, як у Рэспубліцы Беларусь працуе пост радыяцыйнай аварыі Чарнобыль. Гэта вельмі важная праца, і для мяне вельмі важна сказаць італьянскай аўдыторыі, што ў людзей у Беларусі работа не проста для Беларусі, а для кожнага ў свеце. І, на жаль, палітыкі, еўрапейскі народ забыўся на гэтую гісторыю», – абвясціў італьянец рэгіянальнаму дзяржтэлеканалу.
Узровень яго сустрэчы – масавы і высокі, але хіба на раённым узроўні. Так, расійскага прапагандыста сустрэў намеснік кіраўніка райвыканкаму, інтэрв’ю далі чыноўнікі, якія кіравалі нечым у часы чарнобыльскай аварыі і жыхары раёна, якія ездзілі ў Італію на аздараўленне.
Размовы прайшлі ў раённым музеі. Лучыдзі фатаграфаваў удзельнікаў, а мясцовая раёнка яго.
Невядома, ці зняў Андрэа Лучыдзі фільм пра Данбас, але, відавочна, ягоныя высілкі цяпер накіраваныя на тое, каб распавесці італьянцам пра шкоду санкцыяў на прыкладзе жыцця людзей у чарнобыльскай зоне. Забудзе ён пры гэтым распавесці, як рэжым Лукашэнкі адмяніў ільготы для мясцовых жыхароў і ўвогуле не вельмі і забруджанымі лічыць гэтыя тэрыторыі.