На адкрыццё ноў-хаў прыехаў адыёзны генпракурор Андрэй Швед. Ён выступіў перад школьнікамі і правёў першы ўрок навучэнцам новага класа.
“У класе “Юны пракурор” будуць не толькі даваць паглыбленыя веды па юрыспрудэнцыі, асновах пракурорскай работы, але і прыкладаць усе намаганні для таго, каб вырасціць сапраўдных патрыётаў нашай краіны”, – паабяцаў Швед.
У гэтым класе набралі ўсяго 12 вучняў. Іх плануюць асабліва ўзмоцнена вучыць англійскай мовы і грамадазнаўству, а «пракурорскі» факультатыў плануецца ў падраздзяленнях ведамства.
Генпракурор падарыў класу кодэкс пра пракурорскага работніка, а гімназіі – новыя тамы кнігі «Генацыд беларускага народа». Нагадаем, што ў гэтай кнізе пратэсты 2020 года прадстаўляюцца як спроба дзяржпераварота, а нацыянальная сімволіка як нацысцкая.
Гомельскі клас «Юны пракурор» ужо чацвёрты ў Беларусі. У нашым рэгіёне ёсць і іншыя класы ініцыяваныя сілавікамі і блізкімі да іх ведамствамі.
Так, у Калінкавічах школьнікі вучацца быць супрацоўнікамі органаў прымусовага выканання. Школьнікі адтуль сёння садзілі туі разам з судовымі выканаўцамі – тымі, хто прыходзіць арыштоўваць і канфіскоўваць маёмасць беларусаў, у тым ліку па палітычных матывах.
Штодзень
Фота: “Гомельшчына афіцыйна”