Суд у дачыненні да намесніцы дырэктара па кантролі і арганізацыі перавозак прадпрыемства “Гомельаблпасажыртранс” Аксаны Дайнека пачнецца 10 лютага ў судзе Цэнтральнага раёна. Чыноўніцу будуць судзіць паводле артыкула 430 ч.1 “Атрыманне хабару”.
Апошні раз Аксана Дайнека публічна з’яўлялася ў траўні мінулага года, калі каментавала ўвядзенне рэестра аўтаперавозак пасажыраў згодна Указу “Аб аўтамабільных перавозках”. Паводле дакумента, каб працаваць, таксі мусяць быць зарэгістраваныя ў рэестры аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярным спалучэнні. У траўні ў праграме “На кантролі прэзідэнта” чыноўніца супакойвала перавозчыкаў. Маўляў, “рухайцеся ў адпаведнасці з раскладам і ў кожнага будзе заробак”. Відаць, у рэальнасці атрымалася інакш.
Цяпер на сайце “Гомельаблпасажыртранс” Аксана Дайнека ўжо не пазначаная сярод намеснікаў дырэктара. Замест яе дырэктарам па кантролі і арганізацыі перавозак стаў былы дырэктар “Дзяржаўнага архіву Гомельскай вобласці” Андрэй Сушчэвіч. А са снежня кіруе абласным архівам першы сакратар Гомельскага гаркома КПБ Юры Шастапалаў.