У Гомелі велакультура па-ранейшаму застаецца на нізкім узроўні

by homieldays

Што з’яўляецца ў Гомелі яшчэ марудней, чым роварныя сцежкі? — Культура карыстання гэтымі сцежкамі дый самімі роварамі. Чаму так адбываецца, прааналізаваў “Штодзень”.

Фота: www.wnycstudios.org

 

У значнай частцы краін ідэя папулярызацыі экалагічнага транспарту і стварэння адпаведнай інфраструктуры сыходзіла ад урбаністаў. Менавіта яны пабачылі пагрозу для гарадскога асяроддзя ў з’яўленні аўтамабіля практычна ў кожнай сям’і і пачалі шукаць альтэрнатыву. Так, напрыклад, адбылося ў Нідэрландах. То бок масавая раварызацыя грамадства была з’явай запланаванай, адпаведна, стварэнне веласцежак адбывалася адначасова з распаўсюдам культуры карыстання імі.

Праект веладарожкі з перапрацаванага пластыку, рэалізаваны ў Нідэрландах у 2018 годзе. Фота: www.dutchnews.nl

 

Беларускія гарады значна адстаюць ад шэрага еўрапейскіх краін па прагрэсіўнасці ўрбаністычных змен. І атрымалася, што простыя людзі далучыліся да трэнду экалагічнага руху раней, чым пачала стварацца велаінфраструктура. Як трэба паводзіць сябе на размежаваных тратуарах ні мінакоў, ні раварыстаў ніхто не вучыў. Таму не заўсёды гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва могуць паразумецца.

Нярэдка можна пабачыць, як па роварных сцежках прагульваюцца мамы з дзецьмі на трохколавых веласіпедах. Тое, што яны не звяртаюць увагі на патрэбы раварыстаў, зразумела – усё мы часам больш думаем пра сябе, чым пра іншых. Але дзіўна, што яны не заўважаюць, што ствараюць аварыйныя, небяспечныя ў першую чаргу для саміх сябе, умовы: на адмысловых сцежках раварысты могуць імчаць так, што не здолеюць спыніцца, каб не наехаць на дзіця.

Але ці заўсёды ў тым, што на дарозе для ровараў, з’явіліся пешыя асобы, вінаватыя апошнія? На наш погляд – не. Усё залежыць ад таго, якім чынам размежавана прастора для розных катэгорый удзельнікаў руху.

Ёсць у Гомелі месцы, дзе і мінакі, і раварысты могуць адчуваць сябе больш-менш камфортна. Напрыклад, на вул. Савецкай на кавалку ад фабрыкі “Спартак” і да гасцініцы “Турыст” тратуар шырокі. Тут хапіла месца і на падзел раварысты– пешаходы, і на выдзяленне асобных зон для тых, хто рухаецца ў супрацьлеглых кірунках.

Веладарожка па вул. Савецкай

 

Тутака выхад мінакоў на веладарожку тлумачыцца альбо іх няўважлівасцю, альбо нежаданнем прытрымлівацца правіл агульнага карыстання дарогай.

Але часам веладарожкі зробленыя такім чынам, што ў мінакоў не застаецца іншага выйсця, як збочыць на “чужую” тэрыторыю. Так адбываецца на найгоршым, на нашую думку, кавалку роварных шляхоў у Гомелі – на пр. Рэчыцкім. Асабліва непадалёк ад Давыдаўскага рынку.

Жанчына ідзе па роварнай сцежцы. Гомель

 

Да папулярнай гандлёвай кропкі сцякаюцца вялікія людскія патокі. Ходнікі і так былі нешырокія для такой грамады. А калі ад дарогі забралі палову, то некалькім асобам бывае цяжка размінуцца (улічыце, што тут хапае і пенсіянераў з валізкамі на колах, і мам з татамі з дзіцячымі вазкамі). Таму мінакоў, якія заступілі на веладарожку, тут можна назіраць штодня.

І гэта гэта пры тым, што, у адрозненне ад значнай колькасці гомельскіх вуліц, тут была вольная прастора, каб пабудаваць побач асобную паўнавартасную роварную сцежку, якая знаходзілася б нават на невялікай адлегласці ад звычайнай дарогі – такое адасабленне мінімалізуе рызыку траўматызму ад таго, што нехта выпадкова пяройдзе праз размежавальную лінію.

Выдзеленая веладарога ў Парыжы. Фота: www.theguardian.com

 

Яшчэ адна прычына з’яўлення пешых на веладарожцы – малая колькасць пазнак (выяў ровара і чалавека), дзе чыё месца. На Рэчыцкім праспекце такія меткі ёсць толькі напачатку тратуараў ля буйных скрыжаванняў. А што рабіць таму, хто з нейкай бакавой вулічкі ці паркавай сцежкі выйшаў на ходнік? Каб веладарожка мела нейкае іншае пакрыццё ці адрознівалася колерам, чалавек бы сарыентаваўся. Але калі ўся інфраструктура – гэта звычайная дарога, пасярэдзіне якой намалявалі белую паласу, зразумець, па якой частцы трэба крочыць, немагчыма.

Часам складваецца ўражанне, што тыя, хто праектуе выгляд нашых вуліц і прадугледжвае нейкую інфраструктуру для ровараў, не вельмі разумее, навошта яна патрэбна.

На частцы ходнікаў выдзелена велазона, на частцы – не. Вул. Мазурава

 

Часам бракуе роварнай культуры і карыстальнікам экалагічнага транспарту. У Гомелі багата месцаў, дзе тратуар ніяк не падзелены паміж удзельнікамі руху, і веласіпедыстам даводзіцца ехаць праз натоўп (напрыклад, праз прыпынак грамадскага транспарту). Адзін у такім выпадку спешыцца і ціхутка, каб нікога не патурбаваць, прабярэцца, а другі будзе дзінькаць з усёй моцы, каб усе пасунуліся і далі яму з камфортам праехаць. Хтосьці едзе па дарозе і падае сігнал таму, хто ідзе перад ім, маўляў, пасунься ўбок, пры гэтым месца, каб проста аб’ехаць, не турбуючы нікога, дастаткова. Пры гэтым званочкі маюць рэзкі гук, можна і напалохацца, калі нечакана пачуць такі сігнал за спінай.

Роварная сцежка ў Лісабоне, аддзеленая дарожнымі слупамі. Фота: www.theguardian.com

 

Азначаныя праблемы часткова знікнуць, калі Гомель займее паўнавартасную велаінфраструктуру. Але месцы, дзе немагчыма размежаваць пешых і раварыстаў, усё роўна застануцца. Таму велаэтыкету насельніцтва ўсё роўна трэба вучыць.

Якім чынам? Можна, напрыклад, праводзіць тэматычныя гульні з дзеткамі яшчэ ў дзіцячых садках, каб навучыць іх правілам сумеснага з раварыстамі і іншымі мінакамі карыстання ходнікамі. (Па беларускіх вуліцах добра бачна, што значная частка насельніцтва не разумее, што на тратуары – каб тыя, хто ідзе насустрач адзін аднаму, маглі размінуцца – таксама трэба заўсёды прытрымлівацца правага боку. А гэта ж базавая рэч, якую кожны гараджанін павінен ведаць з маленства!)

Што тычыцца раварыстаў, добрым падаецца досвед суседняй краіны. У Польшчы асобам ад 10 да 18 год, каб ездзіць на ровары, трэба мець Карту раварыста. І важная тут не сама гэтая паперка, а тое, што будучы веласіпедыст праходзіць міні курс лекцый, пасля чаго ён будзе ведаць правілы як бяспекі, так і этыкету.

Выглядае, што й беларусам не перашкодзіла б мець падобнае. Бо папулярнасць экалагічнага велатранспарту стала расце, а велакультура, на жаль, па-ранейшаму застаецца на нізкім узроўні.

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png