Гаворка ідзе пра цеплаходы мясцовага клуба юных маракоў і рачнікоў. Жыхар Гомеля напісаў у тэматычнай групе, што як мінімум адзін з іх («Ярмак») быў затоплены, яшчэ адзін («Няптун») пад пагрозай.
«Два цеплаходы клуба юных маракоў пабудаваныя на Гомельскім суднабудаўнічным і суднарамонтным заводзе маюць патрэбу ў падтрымцы! «Няптун» – на плыву, а «Ярмак» затапілі з-за адсутнасці фінансавання! Калі суда не запатрабаваны ў Гомелі, можна выратаваць Няптун, перадаўшы ў іншы порт! Пінск, Мазыр, Брэст! Або закансерваваць і пакінуць! Ён на хаду і заўсёды спатрэбіцца», – напісаў жыхар Гомеля.
Ён таксама прыгадаў пра цеплаход «Туман», які паўзатоплены стаяў разам з гэтымі двума, а таксама «Курсант». Мужчына, які раней працаваў на рачным флоце кажа, што «Няптун» і цяпер можа выходзіць у рэйсы, як і «Ярмак», калі яго падняць, бо «затоплены нядаўна і гэта бачна нават па знешнім выглядзе».
Тое, што «Ярмак» затоплены пацвердзілі і ў іншай тэматычнай групе і выклалі адпаведныя фота. Адбылося гэта як мінімум у канцы траўня гэтага года. Там жа некалькі год таму дзяліліся фота цеплахода «Балтыка» (знаходзіўся на «Шведскай горцы ў яхтклубе») і «Туманам» перад яго знішчэннем (2021 год).
Выглядае, што сам клуб, якому належалі некаторыя з гэтых караблёў, спыніў сваё існаванне.