У Гомелі сілавік прапанаваў замяніць фанерны самалёт на ўездзе ў Стары Аэрадром на сапраўдны

З ініцыятывай усталяваць рэальны самалёт замест фанернага ў рэдакцыю “Гомельскай праўды” звярнуўся палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Аляксандр Салоўскі.

Фота: belarus.nemiga.info

Сваю прапанову ён матывуе тым, што яго бацька ваяваў, часцяком распавядаў яму гісторыі пра вайну, і яго гэта, нібыта, выгадавала патрыётам.

– Тата вярнуўся з Далёкага Усходу ў 1960-м, пасля дэмабілізацыі. У той час у Гомелі быў аэрадром. Ён прыводзіў мяне глядзець, як лётаюць самалёты, успамінаў франтавыя будні, – піша Аляксандр Салоўскі. – Затым аэрадром закрылі, а ў яго гонар назвалі мікрараён. Неўзабаве на ўездзе ў Стары Аэрадром з’явіўся як сімвал фанерны самалёт. А чаму б не ўсталяваць там сапраўдны кукурузнік-Ан-2?

Якім чынам менавіта сапраўдны самалёт, тым больш кукурузнік, здольны выхаваць патрыятызм цяперашняга насельніцтва, Салоўскі не патлумачыў. І чаму, на яго погляд, патрыятызм павінен быць звязаны менавіта з вайной, ваеннымі ўспамінамі і ваеннай тэхнікай – таксама. Недалёка ад горада – мяжа з Украінай, дзе цяпер ідзе вайна, а ў самім Гомелі часцяком заўважаюць вайсковую тэхніку і сляды ад запуску ракет. Мала хто з разумных людзей ад усяго гэтага становіцца патрыётам. Гэта выклікае толькі абурэнне.

– Паглядзеў, што ў інтэрнэце яго (АН-2 – Рэд.) можна купіць за 5-10 тысяч долараў. Спадзяюся, у нашым горадзе ёсць неабыякавыя людзі. Можа быць, ініцыятыву падтрымае і Гомельскі гарвыканкам, будзе абвешчаны збор сродкаў. Цяперашні сімвал мікрараёна не мае гістарычнай каштоўнасці і не выклікае жывых эмоцый.

Вельмі хочацца верыць, што гэтую ініцыятыву не падтрымаюць. Па-першае, вельмі не хочацца «ніякіх жывых патрыятычны эмоцый» ад выгляду самалёта (тым больш, з улікам вайны па суседстве). Па-другое, гораду відавочна ёсць на што выдаткаваць 5-10 тысяч долараў.

Штодзень 

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса