З ініцыятывай усталяваць рэальны самалёт замест фанернага ў рэдакцыю “Гомельскай праўды” звярнуўся палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Аляксандр Салоўскі.
Сваю прапанову ён матывуе тым, што яго бацька ваяваў, часцяком распавядаў яму гісторыі пра вайну, і яго гэта, нібыта, выгадавала патрыётам.
– Тата вярнуўся з Далёкага Усходу ў 1960-м, пасля дэмабілізацыі. У той час у Гомелі быў аэрадром. Ён прыводзіў мяне глядзець, як лётаюць самалёты, успамінаў франтавыя будні, – піша Аляксандр Салоўскі. – Затым аэрадром закрылі, а ў яго гонар назвалі мікрараён. Неўзабаве на ўездзе ў Стары Аэрадром з’явіўся як сімвал фанерны самалёт. А чаму б не ўсталяваць там сапраўдны кукурузнік-Ан-2?
Якім чынам менавіта сапраўдны самалёт, тым больш кукурузнік, здольны выхаваць патрыятызм цяперашняга насельніцтва, Салоўскі не патлумачыў. І чаму, на яго погляд, патрыятызм павінен быць звязаны менавіта з вайной, ваеннымі ўспамінамі і ваеннай тэхнікай – таксама. Недалёка ад горада – мяжа з Украінай, дзе цяпер ідзе вайна, а ў самім Гомелі часцяком заўважаюць вайсковую тэхніку і сляды ад запуску ракет. Мала хто з разумных людзей ад усяго гэтага становіцца патрыётам. Гэта выклікае толькі абурэнне.
– Паглядзеў, што ў інтэрнэце яго (АН-2 – Рэд.) можна купіць за 5-10 тысяч долараў. Спадзяюся, у нашым горадзе ёсць неабыякавыя людзі. Можа быць, ініцыятыву падтрымае і Гомельскі гарвыканкам, будзе абвешчаны збор сродкаў. Цяперашні сімвал мікрараёна не мае гістарычнай каштоўнасці і не выклікае жывых эмоцый.
Вельмі хочацца верыць, што гэтую ініцыятыву не падтрымаюць. Па-першае, вельмі не хочацца «ніякіх жывых патрыятычны эмоцый» ад выгляду самалёта (тым больш, з улікам вайны па суседстве). Па-другое, гораду відавочна ёсць на што выдаткаваць 5-10 тысяч долараў.