У Гомелі прайшла цырымонія ўзнагароджання прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ. Кіраўнік вобласці Іван Крупко асабіста ўручыў дыпломы і ўзнагароды пераможцам гадавога прафесійнага спаборніцтва. Найлепшым друкаваным выданнем прызнана рэдакцыя газеты «Савецкі раён», найлепшыя аўтарскія матэрыялы і фотаздымкі ў друкаваных СМІ — у «Гомельскай праўды». Сярод радыё і тэлебачання адзначылі «Праўда радыё». Лепшым інтэрнэт-рэсурсам назвалі «Гомельскія ведамасці».

Фота: Гомельская праўда
Аднак на фоне гучных ушанаванняў дзяржаўных журналістаў цалкам замоўчваецца сітуацыя з незалежнай прэсай у Беларусі. Тое, што за апошнія гады з краіны былі выціснутыя ўсе незалежныя медыя. Многія выданні — як рэгіянальныя, так і агульнанацыянальныя — прызнаныя “экстрэмісцкімі”. Адны журналісты апынуліся за кратамі, іншыя былі вымушаны пакінуць прафесію ці з’ехаць у эміграцыю. Прафесійнае поле для альтэрнатыўных галасоў было зачышчана.
У той час, як шматлікія незалежныя СМІ зараз знаходзяцца пад пагрозай знікнення, рэдакцыі дзяржаўнай прэсы маюць добрае фінансавае заплечча – прымусовую падпіску на газеты і часопісы, якія пасля друку, часцей за ўсё, ідуць адразу ў макулатуру. Цяжка згадаць нейкую істотную праблему, якую б за апошнія гады ўзняла і, галоўнае, потым вырашыла ўмоўная «раёнка». Не складана быць лепшым, калі не маеш канкурэнтаў.
На гэтым тле ўшанаванне дзяржаўных СМІ выглядае як дэманстрацыя лаяльнасці да ўлады, а не перамога журналісцкага майстэрства. У краіне, дзе знішчаная свабода слова, узнагароды становяцца не сімвалам якасці, а напамінам пра адсутнасць выбару.