Ужо зусім не здзіўляе, што навіну праанансаваў той самы “Рускі дом у Гомелі”, які агрэсіўна прапагандуе і прасоўвае “рускі мір” на тэрыторыі Беларусі.
“А 18-й гадзіне (маецца на ўвазе 24 ліпеня – рэд.) чакаем вас ля летняй эстрады парку – канцэртная праграма студэнтаў з Растова-на-Доне (удзельнікаў аўтапрабегу “Дарогі славы – наша гісторыя”) не пакіне вас абыякавымі. Сустракаем гасцей разам!”– напісалі яны ў сваім тэлеграм-канале і праілюстравалі навіну “забойным фота”. На ім-расейскія студэнты і студэнткі на фоне паравоза ў кветках. Хлопцы — у савецкай ваеннай форме, дзяўчаты – ва ўборах сярэдзіны мінулага стагоддзя з хустачкамі на плячах – кіношны вобраз часоў ВАВ.
Мы, дарэчы, так і не зразумелі: калі гэта аўтапрабег, то прычым тут паравоз… Мажліва, проста для больш удалага ўвасаблення ў стэрэатыпны вобраз. Альбо ж не знайшлі больш “узнёслага” фота ці не сталі напружвацца.
Мы не паленаваліся і пашукалі ў першакрыніцах, што ж гэта за прабег такі, і якія каштоўнасці ён усё ж прапагандуе.
На адным з растоўскіх сайтаў знаходзім: аўтапрабег анансаваны як міжнародны. У арганізатарах лічыцца Растоўскі рэгіянальны патрыятычны рух. Удзельнікі збіраюцца наведаць 12 гарадоў, у тым ліку 5 беларускіх –Гомель, Брэст, Мінск, Полацк, Віцебск… Прытым ва ўсіх прэс-рэлізах Беларусь упарта называюць Беларусіяй… Збіраюцца наведаць тут «Хатынь» і «Барадзінскае поле», а ў кожным прыпыначным пункце анансуюць нейкую маштабную культурную праграму, пад якой, мабыць, маюцца на ўвазе ўскладанне кветак і нейкая музычная праграма пад назвай «Ад вайны да міру».
І ўсё ж самае шакуючае ў гэтым – афіцыйна прапісаная місія аўтапрабегу. І гучыць яна так: “Аўтапрабег адбудзецца ў падтрымку спецаперацыі”.