У Гомелі адбудзецца прэзентацыя новай рэдакцыі выдання «Гомель с древнейших времен до конца XVIII века». З моманту выхаду ў друк самай змястоўнай і папулярнай кнігі па гісторыі Гомеля і яго ваколіц, напісанай доктарам навук Алегам Макушнікавым, прайшло 20 год. Адноўленая кніга ўтрымлівае дадзеныя археалагічных раскопак і пісьмовых крыніц, якія раскрываюць таямніцы з жыцця папярэднікаў сучасных гомельцаў. Выданне ўтрымлівае новыя графічныя выявы і фотаматэрыялы, якія ілюструюць працэсы станаўлення горада над Сожам.
Наведнікі прэзентацыі змогуць даведацца, як стваралася кніга і ўбачыць на ўласныя вочы артэфакты, якія згадваў у сваёй працы аўтар.
Алег Макушнікаў — доктар гістарычных навук, прафесар, выкладчык. За сваё жыццё ён паспеў напісаць каля 300 навуковых прац, прысвечаных археалогіі Гомельшчыны і гісторыі Сярэднявечча. У прыватнасці, дзякуючы Алегу Макушнікаву ў канцы 1980-х гадоў навуковая супольнасць дазналася сенсацыйную навіну пра існаванне на тэрыторыі гомельскага дзядзінца ўнікальнай збройнай майстэрні ў ХІІІ стагоддзі. Навуковец сышоў з жыцця 3 лістапада 2021 года.
Месца правядзення мерапрыемства: экспазіцыя «Старше 1142», палац Румянцавых і Паскевічаў, пл. Леніна, 4. Дата: 3 лютага 2023 г. а 16-й. Уваход бясплатны.