У Гомелі прасоўваюць турыстычны маршрут па падарожжу расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ

by ZB

«Шляхамі Кацярыны» стане цэнтральнай падзеяй выставы «Вясна ў Гомелі», распавяла ў эфіры рэгіянальнага радыё генеральны дырэктар Гомельскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Марына Філонава. Яна кажа толькі пра камерцыйныя плюсы, хоць для Беларусі Кацярына ІІ з’яўляецца антыгераіняй, бо яна ўдзельнічала ў падзелах Рэчы Паспалітай і займалася гвалтоўнай русіфікацыяй нашых земляў.

Карыкатура “Імперскі крок”, выдадзеная ў Лондане ў разгар так званага Ачакаўскага крызісу незадоўга да заканчэння другой руска-турэцкай вайны (1787-1791), высмейвала фантастычны “Грэчаскі праект” Кацярыны II, які прадугледжваў раздзел Асманскай імперыі і адраджэнне Візантыі.

«Праект «Дарогамі Екацярыны» быў першапачаткова прапанаваны двума сельскімі саветамі – Кармянскім і Гомельскім. Імі ён быў створаны, каб развіваць малыя тэрыторыі, ствараць цікавыя турыстычныя аб’екты, якія дазваляюць прыцягнуць туды і беларускіх партнёраў, і замежных», – пераконвала Філонава.

Гэты праект ужо паўдзельнічаў у расійскім конкурсе, дзе атрымаў «спецыяльны прыз за захаванне культурнай спадчыны саюзнай дзяржавы». Адпаведна, гомельскія чыноўнікі «вылучылі як адзін з самых важных».

Марына Філонава прапануе «разглядзець падарожжа Екацярыны па Гомельскай вобласці як тую базу, якая дазволіць нам стварыць турыстычныя аб’екты малым гарадам, якія знаходзяцца на шляху гэтага маршруту», а пасля іх «раскручваць і аб’яднаць у цікавы міжнародны маршрут».

Ідэя пра адыёзны маршрут з’явілася ў гомельскіх чыноўнікаў яшчэ ў 2023 годзе. «Штодзень» тады пісаў: «Мы назіраем дзіўную сінергію высілкаў расейскіх фондаў, дзяржструктур Беларусі і мясцовых праваднікоў “рускага міру”, якія садзейнічаюць усяляк усталяванню культу магільшчыцы Рэчы Паспалітай Кацярыны ІІ. Дадзеная тэндэнцыя супадае з узмоцненым змаганнем апалагетаў рэжыму з усімі праявамі карэннай беларускай культуры, зачысткай нацыянальна арыентаваных арганізацый і СМІ, ліквідацыяй надпісаў на лацініцы і барацьбой з іншымі прыкметамі еўрапейскай гісторыі Гомельшчыны».

Ідэю таксама раскрытыкаваў Раман Абуховіч у тым ліку і за геаграфічную, гістарычную недакладнасць, а таксама і нецікавасць для турыстаў.

«Па вялікім рахунку, гэты праект з’яўляецца цудоўным паказчыкам рэальнага сённяшняга ўзроўню развіцця гістарычнага турызму на тэрыторыі Гомельскай вобласці: спачатку сто год знішчалі тое, што ўяўляла прыгажосць нашага краю, пасля на зайздрасці да суседзяў вырашылі развіваць свой турызм на гэтым гістарычным папялішчы», – адзначыў ён.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png