У Гомельскім гарвыканкаме ўлады абмеркавалі, што рабіць з занядбанымі і нежылымі прыватнымі дамамі ў Гомелі. Гэтае пытанне рэгулюецца Указам Прэзідэнта №116, што ўстанаўлівае дакладны парадак дзеянняў: калі ўласнік не знойдзены альбо не жадае ці не можа адрамантаваць жыллё, аб’ект перадаецца на судовы разгляд і ў выпадку станоўчага рашэння ўзнікае перспектыва размяшчэння аб’екта на аўкцыён для продажу пад індывідуальнае будаўніцтва.
У рэестры праблемных сёння знаходзяцца каля 180 дамоў. Па дзейнай сістэме летась былі прададзеныя 5 будынкаў, яшчэ 6 рыхтуюцца да продажу. Афіцыйна гаворыцца пра “паляпшэнне гарадской прасторы”, аднак такая практыка можа стварыць шэраг праблем.
У некаторых выпадках, сапраўды, не засталося нашчадкаў былых уладальнікаў дома. Але існуе пагроза, што жыхары Гомеля, якія знаходзяцца за мяжой ці ў месцах пазбаўлення волі, могуць страціць жыллё, якім планавалі карыстацца ў будучыні. Адсутнасць магчымасці дагляду за маёмасцю і ўдзелу ў судовых працэсах прывядзе да канфіскацыі маёмасці.
На жаль, разам з аварыйнымі дамамі знікае і ўнікальная драўляная архітэктура, што захоўвала непаўторны воблік старога Гомеля. Сістэма не прадугледжвае рэальных механізмаў захавання каштоўных аб’ектаў, многія з якіх маюць гістарычную і культурную значнасць, не зафіксаваную дакументальна. Без увагі да гэтага пытання мы рызыкуем назаўсёды страціць частку сваёй спадчыны, ператварыўшы горад у стандартнае сучаснае асяроддзе без твару і памяці.