Публічная экзекуцыя непаўналетняга прайшла, падобна што, у будынку Следчага камітэту. У актавай залі сабраліся даволі разнастайныя гледачы, у асноўным школьнікі. Пры гэтым, віна падлетка, якога аславілі такім чынам, не даказаная.
«Паказальныя арышты з удзелам падлеткаў – адна з формаў прафілактычнай работы з непаўналетнімі. На гэты раз размова аб незаконным абароце наркатычных сродкаў. 17-гадовы абвінавачаны ў 2024 годзе скончыў гімназію і рыхтаваўся да паступлення ва ўніверсітэт. Але месяц таму вырашыў зарабіць грошай – заняўся распаўсюджваннем наркотыкаў», – паведамілі на рэгіянальным тэлеканале.
У пачатку ліпеня падлетка затрымалі. «Ён прадаваў асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва на тэрыторыі Гомеля», – кажа старшы следчы гомельскага гарадскога аддзела Следчага камітэту Яна Каптурэўская.
Паводле яе, у рэчах падлетка знайшлі гэтае рэчыва (якое не ўдакладняецца).
Паводле пракурора Уладзіслава Журакоўскага, малады чалавек прызнаў віну і даў паказанні.
Пазіцыя самога падлетка ці ягоных законных прадстаўнікоў не прыводзіцца.
Паказальны арышт ужо прайшоў, але пры гэтым нават не завершанае папярэдняе расследаванне, і тым больш не было суда. Віна затрыманага не даказаная, але па тым, як праходзяць падобныя працэсы, відавочна, што іншы варыянт акрамя абвінаваўчага выраку не разглядаецца. Адзінае што, пакуль на такіх мерапрыемствах не прынята называць тэрміны пакарання.
«Паказальныя арышты будуць ажыццяўляцца і ў далейшым», – рапартаюць на рэгіянальным тэлеканале.