У Гомелі няма вуліцы, якая б магла стаць пешаходнай

by homieldays

У Гомелі зноў (на гэты раз па ініцыятыве старшыні Гомельскага гарвыканкама Уладзіміра Прывалава) узнялі тэму перабудовы адной з вуліц у пешаходную. Не дзіўна, што тэма не губляе актуальнасці, бо пешаходныя вуліцы – адна з найбольш прагрэсіўных форм арганізацыі гарадской прасторы.

Даведка. Першая пешаходная вуліца ў сучасным разуменні з’явілася ў Германіі  недзе напрыканцы 1920-х гг., у Нідэрландах – у 1953 г., у Францыі – у 1972 г., у Італіі – у 1980 г.

Пешаходныя вуліцы – гэта не проста месца, дзе могуць бавіць час і жыхары горада, і турысты. Стварэнне такой зоны прынесла б шмат бонусаў.

Разгрузка парку. Парк – зялёная зона, месца для суцішанага адпачынку (асабліва ўлічваючы наяўнасць на тэрыторыі двух музеяў і праваслаўнага храма), дзе чалавек можа наблізіцца да прыроды. Аднак зараз цішыні тут не знойдзеш – вулічныя музыкі і платны кавалак пляжу ўлетку ствараюць жудасную какафонію. Калі б перамясціць гучны і актыўны адпачынак (за выключэннем, канешне, атракцыёнаў) у іншае месца, парк вярнуў бы сабе функцыю рэлакс-зоны.

Актывізацыя дробнага бізнесу. Пешаходная вуліца – гэта не толькі месца для шпацыру. Гэта крамы, кавярні, арт-прасторы, інстытуцыі з рознымі паслугамі і г.д. Гэта, у сваю чаргу, і працоўныя месцы, і папаўненне бюджэту.

Вулічны гандаль. La Rambla, Barcelona. Крыніца: www.mercerhoteles.com

 

Стварэнне дадатковай культурніцкай прасторы. Пешаходная вуліца – добрая пляцоўка для вулічных музыкаў, выстаў мастакоў, літаратурных батлаў.

Памяншэнне агрэсіўнага ўздзеяння горада. Менш аўто – менш забруджвання навакольнага асяроддзя. Больш фізічнай актыўнасці. Офіснага чалавека ХХІ ст. трэба стымуляваць больш рухацца. У Гомелі ж, наадварот, хапае асоб, якія дзесяцігоддзямі ішлі на працу пешкі, але, напрыклад, пасля рэканструкцыі вул. Кірава, вымушаны былі пачаць карыстацца транспартам. Цэнтр Гомеля ў сучасным яго выглядзе не спрыяе хадзе пешшу.

Дадатковае безбар’ернае асяроддзе. Як няма машын, няма неабходнасці падзелу тэрыторыі. Уся прастора – адзіны ходнік, без бровак.

Пешаходная вуліца ў Капенгагене

 

Гістарычная цікавостка. Спробы зрабіць пешаходным капенгагенскі Strøget у 1960-х былі ўспрыняты датчанамі вельмі крытычна. “Куды мы падзенем нашыя аўтамабілі?” – Пыталіся яны. Мэр горада сутыкнуўся з сур’ёзнымі пагрозамі і вымушаны быў наняць сабе целаахоўнікаў. Але з цягам часу ўсе прызвычаіліся абыходзіцца без машын. Зараз Strøget, адна з самых доўгіх і старажытных пешаходных вуліц, – гонар жыхароў сталіцы Даніі.

Калі пешаходная вуліца прыносіць такую карысць, чаму ж гомельцы дагэтуль яе не займелі? Не кожная вуліца надаецца да пераўтварэння ў пешаходную. Дзеля гэтага яна павінна адпавядаць шэрагу крытэрыяў.

Мець добрую архітэктуру. Каму прыемна гуляць сярод неэстэтычных будынкаў? Мяне, напрыклад, маскоўскі Арбат зусім не ўразіў: тутака і дрэнная савецкая архітэктура, і навабуды 90-х. Куды больш прывабна выглядае суседняя вуліца Кузнечны мост.

Праз яе павінна праходзіць шмат народу. Менавіта на такіх вуліцах значная частка першых паверхаў ужо была пераведзена ў нежылы фонд ці адразу запраектавана як нежылая – будзе дзе размясціць крамы ды рэстарацыі.

Не павінна быць ціхай. У гаманлівых месцах больш жылля здаецца ў арэнду ці пераведзена пад офісы. А хто ўсё ж застаўся тут жыць, прызвычаіўся да шуму. Пагадзіцеся, нельга прымушаць таго, хто прагне цішыні і набыў сабе кватэру ў адпаведным кавалку горада, пераязджаць альбо вучыцца засынаць пад спевы вулічных музыкаў.

Наяўнасць паралельных вуліц. Вуліца – гэта не толькі будынкі, але і жыхары. Гэта і маці, якой трэба прынесці дадому цяжкія пакункі з ежай, каб прыгатаваць дзеткам вячэру. І бабуля з хворымі нагамі, якой трэба штодня цягацца ў паліклініку. Яны маюць права даехаць да пад’езда. Таму для перайначвання ў пешаходную надаецца толькі такая вуліца, якая дазваляе заехаць у жылыя двары з паралельных вуліц.

 

Вуліца Шардэна ў Тбілісі Крыніца: barevarmenia.ru

 

Канешне, на ролю пешаходных па большасці крытэрыяў пасуюць вул. Савецкая, пр. Леніна, вул. Кірава і нават вул. Інтэрнацыянальная (шкада, што архітэктурнае багацце апошняй фактычна пахаванае аўтамабільным лобі). Але ў сённяшніх рэаліях зрабіць іх пешаходнымі немагчыма, бо адначасова яны выконваюць ролю транспартных артэрый. Вуліцы, вольнай ад гэтай функцыі, але адпаведнай іншым крытэрыям, здаецца, у Гомелі няма.

Такім чынам, пытанне стварэння пешаходнай вуліцы немагчыма вырашыць само па сабе, асобна ад вырашэння галоўнай гомельскай праблемы: разгрузкі цэнтра ад транспарту. Гэта, у сваю чаргу, патрабуе і стварэння камфортнай інфраструктуры для аўтамабілістаў па-за межамі цэнтральнага раёна, і стымулявання карыстацца ў цэнтры грамадскім транспартам, роварамі, і канешне ж, хадзіць пешшу. Так ці іначай, з цягам часу Гомелю давядзецца прызвычайвацца да платных парковак, выдзеленых ліній для тралейбусаў і аўтобусаў, пашырэння тратуараў і зялёных зон і г.д. Але пакуль пра гэта можна толькі марыць.

 

Уроцлаў. Галоўная плошча. Здымак 1970- х. Крыніца: cdn-portal.img.wroclaw.pl

 

Уроцлаў. Галоўная плошча. Сучасны выгляд Крыніца: inyourpocket.com

 

Відавочна, што пытанне пешаходнай вуліцы – доўгатэрміновае і цяжка вырашальнае. Але калі мы не можам зараз мець такую вуліцу, чаму б не стварыць… пешаходны квартал? На мапе горада, у самым яго цэнтры, хапае былых прамысловых тэрыторый, якія фактычна не выкарыстоўваюцца паводле прызначэння, пры гэтым праз іх не праходзяць транспартныя лініі. Вось найбольш прыдатныя для стварэння зон актыўнага адпачынку месцы: прастора паміж пр. Леніна, вул. Пралетарскай, вул. Гагарына, вул. Інтэрнацыянальнай, тэрыторыя Завода вымяральных прыбораў, тэрыторыя фабрыкі 8 сакавіка.

Дарэчы, аднойчы падобны праект ужо абмяркоўваўся. Шкада, што ён не быў рэалізаваны.

 

Праект квартала драўлянай забудовы аўтарства Сяргея Ляпіна Крыніца: gomelstreet.by

 

Канешне, стварэнне пешаходнага квартала патрабуе сур’ёзных інвестыцый. Прадпрыемствы, якія яшчэ функцыянуюць, трэба перанесці ў прамысловыя раёны. Завадскія будынкі трэба цалкам рэканструяваць, часткова знесці. Тэрыторыя, замест асфальту, павінна ўпрыгожыцца добрым ландшафтным дызайнам.

 

Добры прыклад пешаходнага квартала – Музейны квартал у Вене. Крыніца: wikipedia.org

 

Але ўлічваючы, колькі ўсяго дае пешаходны квартал – гэта і культурніцкія прасторы (канцэрты, выставы, перформансы), і актыўны адпачынак, і шопінг, і гастранамічны турызм – якія б ні былі выдаткі, яны таго вартыя.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png