У Гомелі насаджаецца культ савецкага міністра замежных справаў Андрэя Грамыкі

by ZB

Для праслаўлення гэтага камуністычнага дзеяча, які нарадзіўся ў вёсцы Старыя Грамыкі, што на Веткаўшчыне, было праведзена мноства мерапрыемстваў з удзелам абласных чыноўнікаў, выкладчыкаў універсітэта, дыпламатаў і расейскіх гасцей.

Помнік Андрэю Грамыку ў Гомелі

У прапагандысцкіх матэрыялах гаворыцца тое, што “нашая зямля падарыла свету мноства дзеячаў (…). Сярод знакамітых нараджэнцаў Гомельшчыны асаблівае месца належыць Андрэю Грамыку”. Для гларыфікацыі гэтага чалавека з “беларускім акцэнтам”, які нічога вартага не зрабіў для Беларусі, а толькі ўзначальваў цягам амаль 30 год Міністэрства замежных справаў СССР, праводзіліся адмысловыя “Грамыкаўскія чытанні”, ускладаліся кветкі да ягонага помніка ў Піянерскім скверыку, а таксама праводзіліся мітынгі. Адметна, што да арганізацыі ўсіх гэтых пафасных сходаў мае непасрэднае дачыненне кіраўніцтва так званага Рускага дому ў Гомелі. На ўсіх імпрэзах з нагоды 115-годдзя савецкага апаратчыка ў першых шэрагах прысутнічае кіраўнічка гэтай расейскай структуры Вольга Бараненка.

Ва ўласных успамінах Андрэй Грамыка на тэму Беларусі піша мала, называе сябе “сынам рускага селяніна”, што зусім не адпавядае праўдзе. У ягонай роднай мясцовасці карэннае насельніцтва размаўляла да катастрофы на ЧАЭС (да 1986 года) на добрай беларускай мове. А ягоныя продкі, як сведчаць даследчыкі, адносяцца да беларускай малазямельнай шляхты.

Сагнаная на мерапрыемства масоўка

Што да ягонай ролі ў гісторыі, то ў 1968 годзе Андрэй Грамыка падтрымаў увядзенне войскаў у Чэхаславакію і падаўленне “Пражскае вясны”, а ў 1979 годзе далучыўся да рашэння савецкага кіраўніцтва аб увядзенні войскаў у Афганістан.

Штодзень
Фота: “Гомельская праўда”

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png