У Гомелі фільм пра футбаліста будуць здымаць асобы, якія знаходзяцца пад санкцыямі Украіны

У  тэлеграм-канале старшыні гомельскага гарвыканкама Уладзіміра Прывалава з’явілася інфармацыя, што ў Гомелі будуць здымаць фільм пра савецкага футбаліста Фёдара Чаранкова.

Фёдар Чаранкоў. Фота: РІА Навіны

Улады нават прапаноўваюць гомельцам паўдзельнічаць у масоўцы. Аднак у тэлеграм-канале чыноўніка прамаўчалі, што гэты фільм — праект прадзюсарскага цэнтра “Сделано в «Дело»”. Можа, замежнага слова “прадзюсар” пабаяліся. А, можа, спецыяльна прамаўчалі. Справа ў тым, што заснавальнікам ПЦ “Сделано в «Дело»” з’яўляецца Сяргей Шышкароў — расейскі бізнесовец, старшыня Вышэйшага Савету Федэрацыі гандболу Расеі. У 2017 годзе ўказам Уладзіміра Пуціна атрымаў Ордэн Дружбы. Аднак не за гэта Сяргей Шышкароў знаходзіцца пад санкцыямі Украіны. Як паведамляе ўкраінскі сайт “Вайна і санкцыі”, падставай для санкцый стала “вышэйшае кіраўніцтва сістэмаўтваральнай расейскай кампаніі, якая прыцягнутая да падтрымкі дзеянняў, якія нясуць пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасць Украіны”. Гэтую ж інфармацыю пацвярджае і іншы сэрвіс маніторынгу рэгістрацыйных дадзеных украінскіх кампаній і судовага рэестру. Сяргей Шышкароў, акрамя кіно і гандбола, мае і іншыя інтарэсы. У прыватнасці, асноўныя актывы “Дела” (Сяргей Шышкароў заснавальнік) — гэта найбуйнейшы чыгуначны кантэйнерны аператар у Расеі “Транскантэйнер”. Дарэчы, долю ў групе “Дело” мае і “Расатам” (расейская карпарацыя па атамнай энергетыцы, летам доля складала 49%). У пачатку гэтага года Уладзімір Зяленскі падпісаў загад аб увядзенні санкцый супраць Расатама.

Фільм пра футбаліста Фёдара Чаранкова будзе здымаць расейскі прадзюсарскі цэнтр “Іван”. Як паведамляецца на сайце кампаніі, цэнтр быў заснаваны ў 1995 годзе і цяпер ажыццяўляе поўны цыкл кінавытворчасці. Цэнтр стварыў некалькі мастацкіх фільмаў. І ўсе яны ідэалагічна вывераныя. Не будзем тут кранаць мастацкія вартасці гэтых стужак, пакінем гэта кінакрытыкам. “Штодзень” паглядзеў, пра што здымаў фільм прадзюсарскі цэнтр “Іван”.

Актрыса Чулпан Хаматава ў вобразе доктара Лізы. Фота: kino-teatr.ru

Напрыклад, фільм “Доктар Ліза”. Ліза — у дадзеным выпадку зусім не выдуманы персанаж кшталту Доктара Хаўза. Доктар Ліза — гэта пра заснавальніцу фонду “Справядлівая дапамога” Елізавету Глінку. Расейскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі ў эфіры тэлеканалу “Дождж” пасля гібелі Глінкі заявіў, што тая была піяршчыкам вайны на Данбасе і ў Сірыі. (Елізавета Глінка загінула ў авіякатастрофе ў 2016 годзе.) “Той, хто хоча выратаваць рускіх дзяцей, той можа з’ездзіць у Варонеж, Чыту ці Бірабіджан. Дзеля гэтага не трэба ездзіць у Данецк, дзе вайну развязалі апекуны і спонсары Доктара Лізы”, — заявіў у 2016 годзе Станіслаў Бялкоўскі. Паводле ўкраінскіх СМІ, Елізавета Глінка незаконна вывезла з акупаванага Данбасу ў Расію прыкладна 500 дзяцей. А яшчэ яна была вядомая тым, што адмаўляла прысутнасць расейскіх войск на Данбасе. Дарэчы, ролю Доктара Лізы сыграла Чулпан Хаматава — тая самая актрыса, якая ў 2012 годзе знялася ў роліку “Чаму я галасую за “Пуціна”.

Кадр з фільма “Крэпасць Бадабэр”

У скарбонцы прадзюсарскага цэнтру “Іван” маецца фільм пра добрага ГРУшніка і варожае амерыканскае ЦРУ. “Крэпасць Бадабэр” — гэта пра 1985 год, калі расейскі разведчык прабіраецца ў пакістанскую крэпасць Бадабер, каб сабраць дадзеныя, што там ЦРУ рыхтуе маджахедаў. На тэрыторыі крэпасці ГРУшнік сустракае расейскіх ваеннапалонных і вырашае ім дапамагчы.

Трошкі гісторыі. Маджахеды ваявалі супраць савецкіх войск, якія былі ўведзеныя ў Афганістан нібыта па просьбе ўраду Афганістана і паводле Дамовы “Аб сяброўстве і супрацоўніцтве”. Паводле статыстыкі, падчас Афганскай вайны з боку СССР загінула 15031 чалавек. У самім Афганістане падчас вайны было забіта каля 2 мільёнаў мірных грамадзян. Маджахеды згубілі, паводле розных ацэнак, 75-90 тысяч чалавек.

Прэм’ера фільма “Рубеж”, зняты кінакампаніяй “Іван”, адбылася ўвогуле падчас сустрэчы Уладзіміра Пуціна з ветэранамі ў дзень 75-годдзя прарыву блакады Ленінграда. Сюжэт фільма заснаваны на гераічным эпасе савецкага народу ў часы ІІ Сусветнай вайны, што акурат кладзецца ў ідэалагічны падмурак цяперашняй Расеі. Фільм пра тое, як герой перамяшчаецца ў часе і трапляе на плацдарм, дзе адбываюцца баі за Ленінград і даведваецца пра подзвіг сваіх продкаў. Уладзмір Пуцін назваў тады такі падыход вельмі таленавітым.

І, канешне, прадзюсарскі цэнтр “Іван” зняў кіно пра эпоху расейскага цара Пятра. Як жа без гэтага. Фільм “Сабор” — гэта меладрама пра пятроўскія часы. Нагадаем, што Уладзімір Пуцін параўноўваў сябе з Пятром І і сваёй задачай лічыць вяртанне “страчаных” тэрыторый.

Улічваючы, хто здымае фільм пра савецкага футбаліста Фёдара Чаранкова, то варта чакаць, што фільм будзе таксама ідэалагічна вывераны і настальгічны адносна савецкай эпохі.

Штодзень

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса