У другім па велічыні горадзе Беларусі беларуская мова напярэдадні новага года будзе прысутнічаць толькі адзін раз. 23 снежня ў філіяле Веткаўскага музея адбудзецца калядная этна-вечарына “Хрыстос нарадзіўся на вашым двары…” Падчас мерапрыемства плануецца батлеечнае прадстаўленне “Цар Ірад” – п’еса па адным з самых папулярных біблейскіх сюжэтаў беларускай батлейкі. Усе ахвотныя змогуць пераўтварыцца ў калядоўшчыкаў і атрымліваць за спевы салодкія падаруначкі. Таксама запланаваныя танцы пад гармонік і застолле! “Па нашай добрай традыцыі і каб увесь год быў шчаслівы – стол збіраем у складчыну! Пажадана, каб кожны госць прынёс з сабой штосьці да святочнага стала.” — Адзначаюць арганізатары. Пачатак мерапрыемства — у 16.00
Што яшчэ чакае гомельцаў на зімовыя святы. “Штодзень” прааналізаваў запланаваныя навагоднія мерапрыемствы ў горадзе.
Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек праводзіць навагоднія ранішнікі з 16 па 30 снежня і з 2 па 7 студзеня. Мова прадстаўленняў – руская. Героі – савецкія Чабурашка, Дзед Мароз і Снягурачка. Таксама ў пачатку снежня можна паглядзець “Снежную каралеву”, таксама па-руску. А калісьці тэатр лялек паказваў беларускамоўны калядны спектакль.
У Гомельскім абласным драмтэатры пад навагодняе прадстаўленне перарабілі ненавагодную казку Андэрсана “Цалёвачка”.
Гомельскі гарадскі цэнтр культуры паказвае дзецям ажно некалькіх навагодніх прадстаўленняў. Ніводнае з іх не плануецца па-беларуску. Сярод герояў — савецкі Чабурашка, Дзед Мароз, кракадзіл Гена, кот Леапольд.