Што для беларусаў добра, тое для італьянцаў згуба 125 еўра. Фінал святкавання «Гомель – моладзевая сталіца 2025» атрымаўся яркім, але не экалагічным.
Флэшмоб ля флагштока. Гомель, 2025
Рэжысёры шоу вырашылі, што мільгацення зялёна-чырвоных сукенак недастаткова, каб уразіць гледачоў. Таму напрыканцы свята было «ўпрыгожылі» паветра рознакаляровымі канфеці.
Канфеці рэгулярны госць на прыватных святах у нашым горадзе. Калі раніцай у суботу ці нядзелю прайсціся ўздоўж гомельскіх караоке ці начных клубаў, там-сям можна пабачыць на зямлі ўспаміны аб начных вечарынах – стракатыя кавалачкі на ходніках і газонах. Святкаваць любяць усе, прыбіраць за сабой ахвотных куды менш.
Дробныя шматочкі цяжка прыбраць з тратуара. Нават калі адразу пачаць засмоктваць іх пыласосам (ці бачылі вы хоць раз, каб хтось так рабіў?), нейкая іх частка непазбежна застанецца і пазней патрапіць у глебу і ваду. Пра гэтым нават цалкам папяровае канфеці, каб быць каляровым, утрымлівае хімічныя рэчывы – фарбы. Але часцей за ўсе гэты атрыбут свята мае сінтэтычнае паходжанне і будзе забруджваць навакольнае асяроддзе доўгі час.
Некаторыя краіны ўжо ўвялі забарону на выкарыстанне канфеці, паветраных шарыкаў і іншых святочных элементаў, што могуць зашкодзіць навакольнаму асяроддзю. Так, аматарам дадаць колераў паветру ў Ферары ці Мілане чакае штраф у 125 еўра.
Некаторыя крокі па мінімізацыі шкоднага ўплыву свят на экалогію ў Беларусі ўжо робяцца. Так, у апошнія гады Міністэрства адукацыі раіць выпускнікам не выпускаць традыцыйныя шарыкі ў паветра, а пасадзіць замест гэтага дрэвы.
Толькі парада – гэта пажаданне, а не абавязак. Каб дасягнуць нейкіх рэальных вынікаў, магчыма, і нам варта было б увесці нейкую заканадаўчую норму. Але ў першую чаргу дзейнічаць трэба не забаронамі, а стымуляваннем. Па-першае, патрэбна з дзяцінства прывучаць беларусаў да экалагічнага ладу жыцця. Па-другое, сучасныя тэхналогіі даюць магчымасці стварыць у паветры ці на маніторах любую яскравую выяву, якія замяніла б тыя ж канфеці без шкоды для навакольнага асяроддзя. Па-трэцяе, грамадскія святы варта рабіць настолькі відовішчнымі і захапляльнымі, каб дэкарацыя іх каляровымі кавалкамі не мела патрэбы.