У выплаце кампенсацый за спазненне самалётаў на тэрыторыі Еўрсаюза плануюцца змены. Спойлер: не на карысць падарожнікаў.
Фота: www.pexels.com
Еўракамісія прапануе перагледзець умовы кампенсацыі за затрымкі авіярэйсаў. Зараз, паводле Рэгламенту № 261/2004, які дзейнічае з 2005 года, пасажыры маюць права на кампенсацыю ад €250 да €600, калі рэйс затрымліваецца больш чым на тры гадзіны. Гэтае правіла распаўсюджваецца на ўсе рэйсы любых авіякампаній, што вылятаюць ці прылятаюць з аэрапортаў Еўрасаюза. Таксама рэгламент дзейнічае ў Ісландыі, Нарвегіі і Швейцарыі.
У Еўракамісіі прапануюць павялічыць мінімальны час затрымкі для атрымання такой кампенсацыі з цяперашніх трох да пяці гадзін. Гэта значыць, што разлічваць на яе можна будзе толькі пры затрымках, напрыклад, на 5, 8 або 14 гадзін.
Аднак хвалявацца не варта. Па-першае, гэтае пытанне ўпершыню падымалася яшчэ ў 2013 годзе, але рашэнне так і не было прынятае. Па-другое, калі новая норма і будзе зацверджана, то працэдура ўвядзення яе ў жыццё будзе даволі доўгай.
У любым выпадку, магчымасць атрымаць кампенсацыю пры істотнай затрымцы рэйса застанецца. Тыя, хто ездзіць аўтобусамі праз беларуска-польскую мяжу, такой магчымасці, на жаль, не маюць.