У Дзень маці зноў пачалі судзіць Паліну Шарэнду-Панасюк

У Беларусі адзначаецца Дзень маці. Прапагандысцкія СМІ рассыпаліся віншаваннямі і радаснымі фота, «нябачнымі» для іх застаюцца палітзняволеныя, якіх дома чакаюць дзеці. «Штодзень» распавядае гісторыі трох маці, якія былі арыштаваныя і асуджаныя па палітычных матывах.

Паліна Шарэнда-Панасюк

«Сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. Сёння Паліна павінна была атрымліваць віншаванні ад Славаміра і Стаха. Але сёння яе ізноў пачынаюць судзіць. Чацвёртае кола пекла», – напісаў муж Паліны Андрэй Шарэнда.

Ён дадаў: «Мама, ты ў нас найлепшая. Мы цябе любім. Толькі не здавайся, толькі жыві».

Паліну Шарэнду-Панасюк пачалі судзіць сёння ў Рэчыцы.

Падтрымаць яе прыехала прадстаўніца пасольства Германіі ў Мінску, а таксама супрацоўнікі іншых дыппрадстаўніцтваў у Беларусі заходніх краінаў.

Паліна «несправядліва знаходзіцца ў зняволенні. Абвінавачванні супраць яе несправядлівыя і палітычна матываваныя», падкрэсліваюць у нямецкай амбасадзе.

«Той факт, што маці дваіх непаўналетніх дзяцей у Дзень маці, нягледзячы на ўжо адбыты турэмны тэрмін, вымушаная зноў паўстаць перад судом, дэманструе бязлітаснасць беларускага рэжыму ў дачыненні да іншадумцаў. Федэральны ўрад Германіі патрабуе вызваліць палітычных зняволеных у Беларусі», – дадалі аўтары заявы.

Грамадская дзяячка з Брэста Паліна Шарэнда-Панасюк была брутальна затрыманая ў 2021 годзе. Спачатку Паліну асудзілі на 3 гады, але цяпер ідзе ўжо чацвёрты суд, каб гэты тэрмін працягнуць. Падчас зняволення жанчыну шмат разоў змяшчалі ў карцар, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск, збіццё. Яе на волі чакаюць двое сыноў, цяпер яны з бацькам у Вільні.

Ларыса Шчыракова

Былая гомельская журналістка Ларыса Шчыракова была асуджаная на 3,5 гады турэмнага зняволення. Да 2021 года журналістка супрацоўнічала з незалежнымі СМІ, але пасля 2021 года сышла з прафесіі і занялася этнафотасетамі – фатаграфавала людзей у народных строях.

Цяпер яна знаходзіцца ў гомельскай калоніі і працуе там швачкай.

Яе затрымалі ў 2022 годзе. Сына Святаслава на нейкі час забралі ў прытулак, адмаўляючыся даваць над ім апеку сваякам Ларысы. На шчасце, праз нейкі час хлопца перадалі бацьку, які для гэтага прыехаў з Навасібірску, дзе жыў апошнім часам. Гамельчанка стала адной з пераможцаў прэміі Free Media Awards гэтага года.

Антаніна Канавалава

Давераная асоба Святланы Ціханоўскай была затрыманая яшчэ ў 2020 годзе, а ў 2021 годзе асуджаная да 5,5 гадоў калоніі. Унесеная ў спісы «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў». Ужо ў зняволенні атрымала трэцюю групу інваліднасць праз кепскі зрок. Адбывае пакаранне ў гомельскай калоніі.

Быў таксама асуджаны і яе муж Сяргей Ярашэвіч. А яе маці Ганна Канавалава з двума ўнукамі была вымушаная з’ехаць у Польшчу. Яна распавядала, што сталі цікавіцца і ўнукамі, таму стала зразумела, што трэба ратаваць дзяцей, – і ў верасні 2020 года яны з’ехалі. На чужой машыне, у тры гадзіны ночы, узуўшы на Насцю завялікія Ваневы кеды, яны пешшу перасякалі мяжу з Украінай.

Антаніна не бачылася з Насцяй і Ванем ужо больш за чатыры гады.

«Без мамы яны сумуюць. Ніхто не заменіць маму, — распавядала раней Ганна. — Напрыклад, увечары Ваня кажа: “Бабуля, пагладзь мяне”. Я яго пагладжу — а ён кажа: “Не, ты пагладзь мяне, як мама”. Цяжка, канечне…»

«Для Тоні большае катаванне не турма, а разлука з дзецьмі, – упэўненая Ганна. – Яна вельмі добрая маці: любіць дзяцей і клапоціцца пра іх, імкнецца выхаваць іх сумленнымі людзьмі».

У верасні яна пісала: «У гэты дзень, 6 верасня 2020 года, роўна чатыры гады таму, была арыштавана цудоўная дзяўчына і вельмі добрая маці, мая дачушка Антаніна Канавалава. Мы яе вельмі любім, сумуем і чакаем».

 

Па звестках праваабаронцаў з «Вясны» на 10 кастрычніка, у Гомельскай вобласці ў месцах зняволення знаходзяцца 108 жанчын-палітзняволеных (у мінулым месяцы – 119). Абсалютная большасць з іх у калонія №4 – 102 (111).

«Штодзень» пісаў, што ў пачатку года яна выходзіла на першае месца па колькасці палітзняволеных. З калоніі №4 неаднаразова паступалі паведамленні ад палітзняволеных пра кепскія ўмовы ўтрымання і здзекі. Мяркуючы па сведчаннях зняволеных, рэжым там не агульны, а ўзмоцнены, і мяжуе з катаваннямі.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары