У Чачэрску вецер пашкодзіў гістарычную каштоўнасць – мясцовую ратушу

by ZB

Будаўнічыя брыгады аднаўляюць яе ўжо чацвёрты дзень, паведамляе мясцовая раёнка. Але не раскрывае памеры пашкоджанняў і іх сур’ёзнасць.

Мясцовыя ўлады адносна нядаўна – у красавіку – прызналі кепскі стан будынку гарадской ратушы і пачалі яго рэстаўрацыю.

«Гэта ўнікальны будынак. Сюды прыязджаюць турысты, усе дыялогавыя пляцоўкі, пасяджэнні многія праходзяць тут, дзеці прыходзяць на музейныя ўрокі, праводзяцца інтэрактыўныя ўрокі. Таму жыхары вельмі занепакоеныя тым, што такі аб’ект знаходзіцца цяпер у аварыйным стане», – распавядала тады былы настаўнік гісторыі ў Чачэрску Надзея Шынтар рэгіянальнаму тэлебачанню.

Першая драўляная ратуша з’явілася ў Чачэрску яшчэ ў 16 стагоддзі, але была знішчаная. Сучасны будынак узведзены напрыканцы 18 стагоддзя пры Расійскай імперыі. На сёння ён аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны першай катэгорыі, такіх у Гомельскай вобласці ўсяго пяць.

Рашэнне пра ягоную рэканструкцыю прынялі напрыканцы мінулага года. Абвяшчаецца, што работы вядуцца пад патранатам Белрэстаўрацыі, і ў планах замена ўсіх небяспечных канструкцыяў. Планавалася, што завершаць працу ў лістападзе-снежні гэтага году.

Вядома пра мінулую рэстаўрацыю, якая прайшла трохі больш за 20 год таму, у 2003 годзе. З 2004 года ў будынку працуе Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png