Учора вынеслі завочныя прысуды па «справе Рудабельскай паказухі». Гэты ютуб-канал калісьці стварыў блогер Андрэй Павук з Акцябрскага, цяпер суд прызнаў яго кіраўніком «экстрэмісцкага фармавання».
Хоць суд адбываўся ў Брэсце з канца траўня (у закрытым рэжыме, адвакаты на кантакт не ішлі, таму пра працэс вядома няшмат), сярод фігурантаў справы былі як мінімум тры чалавекі з Гомельшчыны.
- Гэта сам Андрэй Павук – блогер, які працягвае дапякаць чыноўнікаў тэлефанаваннямі з вострымі пытаннямі і весці блог «Рудабельская паказуха».
Паводле абвінавачання, Андрэй Павук нібыта парушыў 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Да некаторых з іх блогер ставіўся супярэчліва: не прызнае віны, але прызнае дзеянне. Ён каментаваў справу Радыё «Свабода».
“Паводле абвінавачання я дзяржаўныя сімвалы зневажаў, дык гэта святая справа змагара – не прызнаваць і змагацца з сімваламі той дзяржавы, якая абвясціла ворагам уласны народ. Нас хочуць запалохаць, а я бачу, што гэта яны нас баяцца, баяцца нашых сімвалаў, прычым гэты страх будзе іх пераследаваць да канца жыцця. З усіх артыкулаў турбуе толькі адзін – нібыта я нанёс камусьці цяжкія цялесныя пашкоджанні. Спрабую з гэтым разабрацца”, – казаў ён.
За кіраўніцтва “экстрэмісцкім фармаваннем” і ўсё астатняе Андрэя Павука пакаралі 12 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама дзяржава хоча атрымаць з яго штраф у 200 тысяч рублёў (5000 базавых велічыняў).
- Блогер Вольга Павук, яна ўдзельнічае ў стварэнні «Рудабельскай паказухі».
«Прысуд не выклікае ніякага здзіўлення, акрамя таго, што ён адбыўся толькі зараз. Вельмі шмат часу патрацілі на тое, каб нас пасудзіць. Не ведаю, як яны там збіралі доказы, што непасрэдна ім так не спадабалася», – пракаментавала свой прысуд Вольга Радыё «Рацыя».
Паводле яе, іх з Андрэем здзіўляе, што далі так мала, улічваючы тое, што «вельмі шмат артыкулаў на нас вісіць, мы здзіўленыя, што толькі 12 і 8 гадоў».
Вольга Павук падкрэсліла, што відэаблог яны спыняць не збіраюцца, а прысуд лічаць незаконным.
Яна асуджаная на 8 гадоў калоніі агульнага рэжыму са штрафам у 100 тысяч рублёў (2,5 тысячы базавых).
- Рок-музыка Уладзіслаў Наважылаў (Леслі Найф).
«Па факце мне далі тэрмін за частушкі, — пракаментаваў прысуд Уладзіслаў Reform.news. — Дурней, што называецца, не прыдумаеш. Лічу, што на такія ўчынкі здольныя людзі ў апошняй стадыі алкагалізму — калі ў іх дах зносіць і пачынаюць розныя павукі і чэрці па вуглах мроіцца. Так вось, такое адчуванне, што ў беларускай сістэмы — белая гарачка».
Уладзіславу быў у групе асуджаных разам з опернай спявачкай Маргарытай Ляўчук і блогерам Іллём Салянковым. Вядома, што яны асуджаныя на тэрміны ад 6 да 8 год са штрафамі ад 500 да 800 базавых велічынь (20-32 тысячы рублёў).