Існуе цэлая Пастанова савета міністраў рэспублікі Беларусі “Аб ахове жыцця людзей на водах”. Забаронаў там даволі шмат.
Паводле гэтай пастановы, можна забыцца на рамантычнае купанне ноччу. Бо купанне ў цёмны час сутак забароненае. Забаронена таксама ўжываць на пляжах алкагольныя, слабаалкагольныя напоі і піва. Напрыклад, у суседняй Польшчы ў публічных месцах таксама нельга ўжываць піва, аднак мясцовае самакіраванне мае магчымасць вырашыць і дазволіць ужываць алкаголь на пэўнай тэрыторыі. Да таго, ніхто не забараняе ўжываць у Польшчы на пляжах безалкагольнае піва, якое ў Беларусі ўсё роўна лічыцца півам і, адпаведна, забароненае для ўжывання ў любых публічных месцах. Таксама сярод забарон, паводле Пастановы “Аб ахове людзей на водах”, забаронена плаваць на спартовым інвентары, дошках, лежаках, бярвеннях, аўтакамерах, надзіманых матрацах і іншых прадметах. То бок дзіцячыя кругі на вадзе таксама, атрымліваецца, пад забаронай.