“Тыя, хто кляпае “завочныя” справы, збіраюць доказы для ўласнай адказнасці”. Праваабаронца Маслюкова адрэагавала на свой прысуд

Светлагорскую праваабаронцу Алену Маслюкову завочны суд пакараў трыма гадамі калоніі агульнага рэжыму за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (ч.1 і 2 арт. З61-4 КК). У дадзены момант праваабаронца знаходзіцца за мяжой, куды яна выехала праз пагрозу пераследу.

Алена Маслюкова. Фота: Беларускае Радыё Рацыя

У сваіх сацыяльных сатках Алена Маслюкова так адрэагавала на прысуд:

“Як можа рэагаваць любы разумны чалавек на тое, што адбываецца Беларусі? Ці можа маецца рэцэпт, як трэба рэагаваць на тое бязладдзе і цемрашальства?

Маё глыбокае перакананне, што адкрыццё крымінальных спраў (у тым ліку і ў адносінах да мяне) і вядзенне “працэдуры спецвытворчасці” – гэта спроба перапалоханай улады зацвердзіцца і пераканаць сябе ў сваёй неабмежаванай волі і магчымасцях, сродак “дастаць” нязгодных з гэтай уладаў, нават там, дзе яны не могуць гэтага зрабіць фізічна.

На маё перакананне, “спецвытворчасць” –  беззаконне, бо ў такім выпадку асоба пазбаўленая практычна ўсіх механізмаў сваёй абароны, абароны сваіх законных правоў, свабоды і перакананняў. Чалавек практычна пазбаўлены магчымасці даведацца пра сутнасць справы, данесці сваю пазіцыю і сваё бачанне на сітуацыю. А гэта ўжо відавочнае парушэнне канстытуцыйных норм.

Па сутнасці, спецвытворчасць – “дамоклаў меч” лукашэнкавай сістэмы ў змаганні з нязгоднымі, інструмент палітычнага пераследу, сродак прымусіць маўчаць, каб свет не ведаў, што адбываецца ў Беларусі. Але тыя, хто зараз кляпае такія “завочныя” справы, збіраюць доказы для наступнай уласнай адказнасці за загадзя неправавое прыцягненне да адказнасці.

Прынамсі, у дзеючай Канстытуцыі Беларусі адным з асноўных прынцыпаў (нормай) з’яўляецца гарантыя і захаванне правоў чалавека і грамадзяніна.

Канстытуцыя гарантуе, а што на самой справе? Сітуацыя склалася, як з Канстытуцыяй СССР 1936 года, якая была бальшавікамі абвешчана як самая дэмакратычная Канстытуцыя ў свеце, а на справе? У гэты час самыя масавыя “зачысткі” і шалёны вал рэпрэсій супраць свайго народа. Такой бачыцца і сённяшняя Беларусь.

Калі вяртацца да канкрэтнай справы, якая была адкрытая ў дачыненні мяне і на якой была пастаўленая тлустая кропка ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму на 3 гады, то заўважу, што ніякіх падрабязнасцяў гэтай правы я не ведаю. Відавочна, што ні следчыя органы, ні бок абвінавачвання ніякай інфармацыі па сутнасці справы да мяне не даводзілі, не цікавіліся маёй пазіцыяй. Пра бок “абароны” – адвакат па прызначэнні – я ўвогуле маўчу.

На пытанне “за што?”

Даць нейкія ўцямныя тлумачэнні не магу, бо не мела доступу да матэрыялаў справы, не мела камунікацыі са следствам, працэс быў закрытым і што там адбывалася – невядома. Ведаю, што я чалавек законапаслухмяны: нікога не абабрала, нікога не забіла, нікога не абылгала, таму, за што пакаралі застаецца толькі здагадвацца.

На маю думку, улады наўмысна робяць закрытымі палітычна матываваныя працэсы для таго, каб схаваць свае злачынствы, а не “злачынствы” людзей, якіх прапускаюць праз працэдуру “спецвытворчасці”. Я перакананая, што такім чынам парушанае маё права згодна Канстытуцыі, якая ў 33 артыкуле гарантуе свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. У тым жа артыкуле напісана, што ніхто не можа быць прымушаны да адмовы ад сваіх перакананняў або адмовы ад іх.”

Штодзень

 

 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары