Тры гады таму ў гэты дзень пасля пахавання Аляксандра Віхора ў Гомелі прайшла гістарычная акцыя пратэсту

Акцыя пратэсту 16 жніўня ў Гомелі

 

16 жніўня 2020 года ў гомельскай Касцюкоўцы прайшло пахаванне 25-гадовага гомельца Аляксандра Віхора. Хлопца затрымалі яшчэ ўвечары 9 жніўня.

Па дадзеных яго родных, у той вечар ён не ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а паехаў да сваёй дзяўчыны і перастаў выходзіць на сувязь. Праз нейкі час Саша нейкім чынам змог патэлефанаваць сваёй сястры з чужога тэлефона і сказаць, што яго схапілі сілавікі, ён знаходзіцца ў машыне, і ён не разумее, куды яго вязуць.

Дзе знаходзіцца Аляксандр, яго родныя не маглі даведацца некалькі дзён, хоць яны ездзілі і ў міліцыю, і нават дзяжурылі пад ІЧУ… Праз некалькі дзён родныя хлопца падалі заяву аб знікненні чалавека, і толькі тады даведаліся, што яго ўжо няма ў жывых.

У ноч з 11-га на 12 жніўня 2020 года Аляксандр Віхор памёр у Гомельскай сухотнай лякарні, куды яго прывезлі ў стане клінічнай смерці. Яго цела яшчэ некалькі дзён не аддавалі родным, а ў пасведчанні аб смерці, якое выдалі толькі 15 жніўня, упісалі, што “прычына смерці высвятляецца”.

16 жніўня, у дзень пахавання Аляксандра, ля яго дома сабраліся сотні людзей. Маці хлопца папрасіла лічыць яго не памерлым, а загінулым.


“Людзі, у каго ёсць хоць нейкія звесткі, я ўстану на калені, дапамажыце мне апраўдаць дзіця і пакараць тых, хто пазбавіў яго жыцця”, – звярнулася маці нябожчыка да тых, хто прыйшоў з ім развітацца і папрасіла правесці пахаванне сына ў цішыні, бо людзі развітваліся з ім, як з героем – пад воплескі.

Ужо ўвечары пратэстоўцы выйшлі на вуліцы Гомеля. І гэта быў гістарычны марш. Такой колькасці людзей на акцыях протэстаў горад не бачыў яшчэ ніколі.

Гомельцы патрабавалі справядлівасці, спынення гвалту ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў, прызнання перамогі Святланы Ціханоўскай, сыходу Лукашэнкі і вызвалення ўсіх зняволеных па палітычных прычынах. У той дзень мітынг працягваўся да позняй ночы. Гомельцы, якія сабраліся на цэнтральнай плошчы горада, узнялі бел-чырвона-белы сцяг, а цягам амаль месяца пасля гэтых падзей міліцыянты не чапалі дэманстрантаў.

Штодзень

 

 

 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары