Жыхары 5-га мікрараёна Гомеля ўпершыню змаглі паехаць на працу тралейбусам. На тры месяцы ў межах эксперымента аўтобус №1 замянілі на тралейбус №28, які будзе хадзіць па тым самым маршруце. Лепш для экалогіі, горш для гаманца.

Фота: newsgomel.by
Ад моманту свайго заснавання 5- мікрараён быў звязаны з іншымі часткамі горада выключна аўтобуснымі лініямі. Развіццё транспартных тэхналогій дало магчымасць замяніць аўтобус тралейбусам без пракладкі новых тралейбусных ліній.
«Рагаты» транспарт мае бясспрэчныя плюсы. Ён больш экалагічны, хада цішэйшая. У спёку тралейбусы не награваюцца так, як аўтобусы (кандыцыянеры ў гомельскіх аўтобусах і ў ХХІ стагоддзі застаюцца рэдкасцю). Але і спрэчных момантаў у такой замене хапае.
Аўтобусы, у залежнасці ад мадэлі, могуць змясціць розную колькасць пасажыраў. То бок можна па адным і тым жа маршруце пускаць большы аўтобус раніцай і вечарам, калі гараджане актыўна едуць на працу, і меншы ў іншы час. Аўтаномныя тралейбусы такой магчымасці не даюць. Гэта значыць, яны будуць то незапоўненыя, то перапоўненыя.
Аўтаномна тралейбус праходзіць толькі частку маршруту. Гэта значыць, пры паломцы лініі (што ў Гомелі ў апошнія гады здараецца рэгулярна), транспарт выедзе з раёна, а потым усё роўна будзе стаяць і чакаць направы. У той час як аўтобус пайшоў бы далей па маршруце, падбіраючы паралельна на прыпынках жыхароў іншых раёнаў, якія выйшлі са знерухамелых тралейбусаў.
Для гомельцаў, што аплачвалі асобна кожную паездку, фінансава нічога не зменіцца. Тым, хто карыстаўся праязнымі білетамі, прыйдзецца плаціць больш. Паколькі раней 5-ы мікрараён абслугоўвалі толькі аўтобусы, тутэйшыя набывалі праязныя выключна для гэтага транспарту (40,5 руб.). Зараз жа ім давядзецца набываць агульны праязны (54,05 руб.), бо ў раёне, дзе не так шмат транспарту, даводзіцца ездзіць рознымі маршрутамі, асабліва на кароткіх дыстанцыях. Так, каб даехаць да паліклінік (яны на вул. Быхаўскай – для хворага ці немаладой асобы цяжка дайсці пешкі) ці гіпермаркета «Грын», жыхары 5-а мікрараёна маглі скарыстацца любым транспартам, які бліжэй па раскладзе. Калі маеш праязны на аўтобус, а падышоў тралейбус, мусіш альбо заплаціць дадаткова, альбо доўга чакаць, пакуль прыедзе аўтобус.
Да таго ж, у кіёску ў 5-м традыцыйна прадаваліся толькі аўтобусныя праязныя, у іншых не было патрэбы. Мабільнай аплікацыяй, якая дазваляе купіць праязны анлайн, карыстаюцца далёка не ўсе. Хочацца спадзявацца, што пра гэта падумалі пры падрыхтоўцы эксперымента.