Традыцыі архітэктурнага дэкору Гомеля маглі прыйсці з Баварыі?

Гомельскі гісторык знайшоў верагодныя карані гомельскіх ліштваў у нямецкім Аўгсбургу

by ZB

Ніхто не будзе аспрэчваць той факт, што Гомельшчына – гэта край найпрыгажэйшых драўляных разьбяных ліштваў з усёй Беларусі, і самыя выкшталцоныя з іх знаходзяцца менавіта ў Гомелі, піша гісторык Яўген Малікаў у выданні “Мова Гомель”.

Гісторыя тутэйшых драўляных ліштваў непарыўна прасочваецца ад сучаснасці да 1860 г. (найстарэйшы зафіксаваны існуючы дом з класіцыстычнымі драўлянымі разьбянымі ліштвамі ў Гомелі.

Ліштва на доме 1860 г. Гомель, вул. Партовая, 9

А вось існаванне традыцыі разьбяных ліштваў у больш раннія перыяды, з часоў якіх не захавалася драўляных будынкаў, а таксама працэс іх узнікнення, можна рэканструяваць толькі па ўскосных дадзеных з надзвычайна разнастайнага кола крыніц (напрыклад, малюнкі і апісанні, параўнанне з будынкамі з іншых тэрыторый і г.д.).

Такія ўскосныя прыкметы дазваляюць “зазірнуць” у больш далёкія ад нас перыяды існавання даследуемай з’явы. Але зробленыя на іх аснове вынікі засноўваюцца на аргументах у значнай меры выключна тэарэтычных, а значыцца валодаюць пэўнай гіпатэтычнай доказнасцю – яны абсалютна лагічныя і заканамерныя, але, на жаль, не заўжды правяраюцца іншымі даступнымі гістарычнымі фактамі, па прычыне іх адсутнасці. На сёння менавіта такі аналіз ускосных фактаў дазваляе асцярожна выказаць абгрунтаваную гіпотэзу, што найбольш раннія “класічныя” для Гомеля і Бабруйска тыпы ліштваў, шматразова зафіксаваныя нават у пачатку ХХІ ст., склаліся ў гэтых гарадах недзе каля 1820-1830-х гг. Гэта ўсё, глыбей рухацца больш няма куды.

І таму вельмі ўражваюць выпадковыя незапланаваныя знаходкі, якія дазваляюць абсалютна нестандартным спосабам паглядзець на, здавалася б, даўно зашмальцаваную праблему, знайсці новы і нечаканы ўзровень яе тэарэтычнага асэнсавання. Своеасаблівыя “яблыкі Ньютана” для гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў. Адзін з такіх “яблыкаў” трапіўся аўтару гэтага тэксту пару тыдняў таму ў Аўгсбургу, у Баварыі на поўдні Германіі (дзякуй магілёўска-аўгсбургскаму краязнаўцу Алегу Давіду Лісоўскаму за экскурсію па горадзе!).

Бываючы ў розных гарадах і краінах, я абавязкова звяртаю ўвагу на спосабы афармлення ліштваў і іншых дэкаратыўных элементаў на каменных будынках розных часоў і народаў, бо іх аздабленне, выкананае па праектах прафесійных архітэктараў, у далейшым сталася таксама адной з крыніц мастацкіх вобразаў і для майстроў драўлянага архітэктурнага дэкору.

Увогуле трэба адзначыць, што архітэктурны дэкор, як і народнае ткацтва, мае свае рэгіянальныя адрозненні, непаўторныя лакальныя элементы, характэрныя толькі пэўнай мясцовасці, што дазваляе беспамылкова адрозніваць, напрыклад, ліштвы Гомеля ад Бабруйска, Магілёва ці Чарнігава. Аднак, у сілу спецыфікі матэрыялу, лакальныя арэалы народнага ткацтва звычайна ахопліваюць некалькі суседніх вёсак, а ў архітэктурным дэкоры арэалы геаграфічна значна большыя, ахопліваюць некалькі суседніх адміністратыўных раёнаў, пераходзяць межы абласцей. Таму сустракаючы на нейкай тэрыторыі рэдкі элемент архітэктурнага дэкору, уласцівы іншаму рэгіёну, можна канстатаваць, адкуль паступіў “імпарт”, а значыцца былі і пэўныя культурныя ўплывы.

Відавочна, што архітэктурны дэкор Гомеля мае шэраг сваіх разьбяных элементаў, якія тыповыя толькі для гэтага горада і яго бліжэйшых наваколляў, але неўласцівы іншым тэрыторыям. Адным з шматлікіх і разнастайных такіх элементаў з’яўляецца варыянт ліштвы, у якой лабавая дошка (частка надаконніка, змешчаная паміж уласна акном і каронай ліштвы) выканана ў выглядзе скразной прапільнай кампазіцыі, дзе ў цэнтры змешчана кола з крыжападобнай фігурай, ад якога ў два бакі адыходзяць парныя раслінныя S-падобныя завіткі.

Ліштва на доме 1910 г. Гомель, вул. Беларуская, 5

У цэлым лініі ўтворанай тут мудрагелістай кампазіцыі працягваюць захоўваць вобраз традыцыйнай фігуры ромба-стралы, але ў абсалютным раслінным увасабленні. Своеасаблівы апагей пераўтварэнняў архаічнага ромба-стралы на лабавых дошках з геаметрычнага ў фларыстычнае выкананне.

Як ужо вышэй узгадавалася, канкрэтна такое выкананне лабавой дошкі фіксуецца толькі ў Гомелі і самым бліжэйшым да яго наваколлі, гэта нейкі спецыфічны элемент мастацкай культуры яго жыхароў. Па ўсіх паказчыках (матывы, тэхналогія, месца знаходжання на ліштве і інш.) гэта абсалютна мясцовая па паходжанні з’ява ў тутэйшым архітэктурным дэкоры, якая лагічна вынікае з агульнага кірунку яго развіцця. Дакладную дату з’яўлення такога варыянта лабавой дошкі цяжка прасачыць, але яны актыўна сустракаюцца на будынках узведзеных у самым канцы ХІХ – першай трэці ХХ ст.

У гэтым кантэксце громам сярод яснага неба даследавання гомельскага архітэктурнага дэкору сталася сустрэча з домам на вуліцы Фордэрэр Лех 5 (Vorderer Lech 5) у Аўгсбургу.

Дом у Аўгсбургу, пабудаваны ў 1782-1783 гг. Фордэрэр Лех, 5 (Vorderer Lech 5)

Паводле звестак са Спісу помнікаў Баварыі гэты будынак быў узведзены ў 1782-1783 гг., а яго ляпны архітэктурны дэкор на фасадзе быў выкананы ў пачатку ХІХ ст.

Самым цікавым у гэтым будынку для нас з’яўляюцца вокны яго галоўнага фасада, аздобленыя вялізнымі ляпнымі ліштвамі.

Ляпная ліштва вакол акна дома ў Аўгсбургу, выкананая ў пачатку ХІХ ст

 

Параўнанне лабавых дошак на аконных ліштвах дамоў Аўгсбурга і Гомеля

Як можна ўбачыць у верхняй частцы гэтых ліштваў, на іх лабавой дошцы, змешчана вялізная гарызантальная кампазіцыя, якая сваім афармленнем амаль цалкам ідэнтычна кампазіцыі лабавых дошак вышэй апісанага варыянту гомельскіх ліштваў! З улікам спецыфікі матэрыяла выканання (прапільная разьба па дрэве і лепка на каменнай паверхні) можна казаць аб амаль фатаграфічным падабенстве гэтых элементаў.

Лагічна паўстае пытанне аб узаемасувязі абедзвюх выяўленых з’яў. Канешне, можна дапусціць, што ў гэтых розных частках Еўропы незалежна адна ад адной узніклі амаль ідэнтычныя кампазіцыі ў аздабленні аднаго і таго ж месца ў аконных ліштвах. Але трэба ўлічваць, што менавіта такі варыянт кампазіцыі вельмі рэдкі і ён фіксуецца толькі ў разьбяных ліштвах Гомеля самага канца ХІХ – пачатку ХХ ст., у ліштвах каменнай архітэктуры, акрамя ўзгаданага выпадку ў Аўгсбургу, такая кампазіцыя ўвогуле покуль нідзе не выяўлена. Таму больш праўдападобным падаецца версія аб наяўнасці пэўнай сувязі паміж абодвума выпадкамі.

Па часе ўзнікнення можна меркаваць, што аўгсбургская ліштва мусіць быць прататыпам для з’яўлення гомельскай. Версія, канешне, цалкам лагічная і праўдападобная, асабліва калі не ўлічваць, што паміж Аўгбургам і Гомелем у ХІХ ст. не было нічога агульнага, ніякіх кропак судакранання. Ну, прынамсі, покуль такія даследчыкамі не апублічаны. Аўгсбург – гэта не Вільня, Варшава, Кіеў, Масква, Пецярбург, ці на крайні выпадак Кракаў – агульнавядомыя сталічныя цэнтры, з якімі ў Гомеля (і гомельцаў) са старажытных часоў былі рознай меры сталыя камунікатыўныя, у тым ліку культурныя, сувязі. Аўгсбург знаходзіцца на поўдні Германіі і гэта абсалютна іншы, нічым не звязаны з Гомелем край свету! Паміж імі нават па прамой лініі будзе 1500 км і сотні іншых мясцовасцяў з яркімі аздабленнямі аконных ліштваў, ужо не кажучы пра транспартныя сувязі ХІХ ст. І якім менавіта механізмам дадзены мастацка-кампазіцыйны матыў быў пераняты (калі і сапраўды быў пераняты!) гомельскімі майстрамі, застаецца вялікай таямніцай.

На сёння, на жаль, няма адназначнага пераканаўчага адказу ці звязаны неяк паміж сабой абодва выяўленыя выпадкі аздаблення лабавых дошак ліштваў амаль ідэнтычнымі кампазіцыямі. Фактаў, якія б пацвярджалі агучаную гіпотэзу, няма, але і ігнараваць такое амаль фатаграфічнае падабенства таксама не выпадае. У любым выпадку дадзены выпадак паказвае новыя накірункі пошукаў верагодных гістарычных каранёў з’яўлення на Гомельшчыне і ў цэлым на ўсім беларуска-ўкраінска-бранскім памежжы традыцый яркага разьбянага архітэктурнага дэкору другой паловы ХІХ – першай паловы ХХ ст., не замыкаючы іх у штучна створаных межах “выніку ўплыву з усходу”.

Штодзень

Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства.

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png