Старая канструкцыя мо і не выглядала сучасна, затое пад яе дахам ад непагадзі і спякотных сонечных прамянёў маглі схавацца амаль усе, хто чакаў свой транспарт. Пры гэтым каля 12 асоб магло рабіць гэта седзячы.
На мінулым тыдні тутака з’явілася “Табакерка” з мініяцюрнай прыбудовай для тых, хто чакае транспарту. Прысесці могуць максімум 4 асобы. Яшчэ некалькі могуць зайсці пад дах. Усе астатнія вымушаны чакаць пад адкрытым небам (побач пакінулі пару лаў ад старой канструкцыі, але скарыстацца імі з камфортам атрымаецца толькі ў добрае надвор’е). Паколькі адсюль можна даехаць да 5-га мікрараёна, Шведскай горкі, праспекта Кастрычніка, Абласной бальніцы і іншых медычных устаноў па вул. Лізюковых, на прыпынку заўсёды шматлюдна.
Тое, што ўласнік Табакеркі, разам з памерам прыпынку, мінімізуе свае выдаткі, зразумела. Пра пасажыраў ён не думае. Але макет абавязкова павінны былі ўзгадніць некалькі розных асоб. Яны павінны былі ацэньваць не толькі знешні выгляд, але і функцыянал. Чаму гэта не было зроблена, невядома.