Тое, што хтосьці “сядзіць за палітыку”, з’яўляецца “часткай пейзажа”. Беларуска, якая была на радзіме да рэвалюцыі, падзялілася ўражаннямі

Беларуска, якая даўно жыве ў адной з краін Захаду, наведала радзіму ўпершыню пасля падзей 2020-га і пасля пачатку вайны. Як змянілася краіна за гэты час? Як выглядае жыццё ў Гомелі вачыма чалавека, які не заспеў усе сацыяльныя і палітычныя катаклізмы апошніх гадоў...

by ZB

“Я стараюся назіраць за жыццём на радзіме аб’ектыўна, без эмоцый, але разумею, што гэта не так. Таму на тое, што распавядаю, безумоўна, накладваецца мой асабісты погляд”, – пачала дзяліцца сваімі ўражаннямі былая гамяльчанка Наста (імя гераіні ў мэтах бяспекі змененае – Рэд.).

 

 

Пра колькасць “ватнікаў”

З пачаткам вайны я канчаткова парвала з “ватнікамі” і “ябацькамі”, таму нічога не скажу пра настрой гэтай катэгорыі. Калі хтосьці з майго кола зносін і думае такім чынам, то робіць гэта моўчкі. Агульнае ўражанне ад беларусаў цяпер такое: людзі засяроджаныя на пытаннях побыту. У паўсядзённасць пагружаюцца, як у лекі. Уразіла па факце тое, што ўсё сапраўды працуе, як і кажа прапаганда: хутка, ветліва, эфектыўна, добразычліва… Размовы на “неасабістыя” тэмы краналіся пратэстаў і вайны. Уразіла, што незнаёмыя людзі часта не баяліся расказваць пра свой удзел у пратэстах, крытыкаваць эканоміку і г.д.

Пра “палітыку”

Калі казаць пра стаўленне гомельцаў, якіх я сустрэла за кароткі перыяд майго візіту, да свету, Еўропы, знешняй палітыкі, вайны і г.д., то ў галовах у асноўным “расійскі тэлевізар”. Але што парадавала: ні ад каго не чула агрэсіўнай радасці “вызваліцеляў”. Але нагадаю, што я парвала з такімі людзьмі. Раней, як мне гаварылі, беларусы хваляваліся з-за санкцый. Расказалі, што на буйным гомельскім прадпрыемстве закрыліся цэлыя лініі прадукцыі.

Пра пратэсты і вайну

Мой знаёмы быў удзельнікам пратэстаў, яго штрафавалі. Ягоны сын пасля затрымання зʼехаў з краіны. Ён расказваў, што не збіраецца пакідаць краіну, пакуль тут можна жыць. Але ён на пенсіі, сышоў ва “ўнутраную эміграцыю”. Працуючым цяжэй. У 2024-м эканоміка амаль цалкам залежыць ад расійскіх ваенных замоў. Нават тыя, каму гэта не падабаецца, вымушаныя з гэтым мірыцца. Людзі, занятыя ў эканоміцы, расказваюць, што вайна вельмі паўплывала на іх жыццё. Ім не падабаецца, што трэба перамыкацца з Еўропы на Расію.

Тое, што хтосьці “сядзіць за палітыку”, з’яўляецца “часткай пейзажа”.

І цяпер, напрыклад, можна пачуць, як супрацоўнікі крамы, не паніжаючы галасы, лаюць уладу за тое, што кінулі народ з пенсіямі. Але пра вайну людзі гавораць амаль шэптам, нават у прыватнай абстаноўцы. Выглядае, што яны баяцца наклікаць бяду.

Напрыклад, у цырульню заходзіць юнак, амаль хлопчык. Запытвае, ці можна тэрмінова пастрыгчыся: ён прыехаў з Расіі на зборы. Калі пайшоў, адміністратар пераходзіць на шэпт – у пакоі мы ўдваіх – і пытае: “Якія такія зборы?!” У вачах – трывога. Я кажу: “Напэўна, спартыўныя.” Толькі потым разумею, што яе, як і многіх, хвалюе вайна.

Ці яшчэ адна сцэнка. Едзем у машыне за горадам. Міліцэйская машына перагароджвае перакрыжаванне. Стаім, чакаем. Пытаю: “Вялікае начальства едзе?” Адказваюць: “Напэўна, ваенныя…” Таксама амаль шэптам. Сапраўды, прайшла калона БТР. Ствараецца ўражанне, што нават пры думцы пра вайну людзі ўцягваюць галаву ў плечы. Лецішчы і дамы каля ўкраінскай мяжы лічацца неліквідам. Уезд у памежную зону зноў зрабілі па пашпартах.

Пра эканоміку

Што датычыцца шопінгу, службы быту, работы чыноўнікаў, банкаў і г.д., то ўсе на вельмі добрым узроўні. Цэны ў рублях выраслі, але ў пераліку на долары, здаецца, не вельмі. Ведаю, што даходы беларусаў не выраслі. Але пра тое, што жыццё ў краіне дарагое для беларусаў, я чую ўжо многа год. Прадукты смачныя. Прадпрыемствы засвоілі шмат новага: ад прашута да сыроў з цвіллю. Дорага, але нашмат танней, чым у ЕЗ. Тут для мяне ёсць загадка. Не раз чула, што сельская гаспадарка Беларусі ў заняпадзе. Гандлююць фермеры сваімі прадуктамі. А вось гандлёвыя рады на рынку, дзе былі месцы перакупшчыкаў з садавінай, гароднінай, кветкамі, стаяць пустымі. Ёсць некалькі кропак звонку. Але больш гандлююць мясцовыя гаспадары. Гародніна разнастайная, вельмі добрая. Цэны смешныя ў параўнанні з нашымі на падобную. Кавярні, сталоўкі, кулінарыі, рэстараны, дзе я бывала, смачныя, акуратныя. Размовы людзей збольшага аб штодзённым. Я заўжды цікаўлюся мясцовымі брэндамі адзення і абутку. Здаецца, “8 Сакавіка” стала горш. Камінтэрн лепш, чым некалькі год таму. Світанак, Марко, Контэ, Марк Формель і г.д. – на добрым узроўні. Багацейшым стаў асартымент ільнянога аддзення. Жанчыны ходяць па вуліцах у прыгожых ільняных сукенках. Цэны прыкладна як у нас на падобны тавар. Вельмі прыгожыя рэчы ад Калінкі, Элемы і інш.

Вельмі дзіўнае ўражанне ад транспарту. Калі раней працаваў Убер, таксі было зручным і недарагім. Усё працавала дакладна. Зараз ёсць шмат розных фірм, але працуюць неяк незразумела. Ніводнага разу ў нас не атрымалася скарыстацца іх дадаткамі. Па телефоне не надта лепей. Цэны называюць “ад балды”. Пару разоў машына не прыходзіла наогул. Спадабалася, што тралейбусы і аўтобусы прыходзяць строга па раскладзе. Але мясцовыя кажуць, што іх стала менш.

Пра расейцаў

Ці многа расейцаў? Не ведаю, яны на вуліцах не адрозніваюцца ад нашых. Не магу сказаць, што бачыла шмат машын з расійскімі нумарамі. А вось у санаторыі іх большасць. Дарэчы, нашы санаторыі зараз папулярныя не толькі ў Расіі. Едуць з краін Балтыі. Ужо некалькі разоў у мяне пыталі, як лепей трапіць у Беларусь з гэтай мэтай. Рускамоўныя, вядома. Але з розных краін былога Саюза.

Медыцына

Прыватныя цэнтры працуюць і выглядаюць добра. З цэнамі тая ж гісторыя, што і з усім астатнім. Але па маіх назіраннях, людзі ўсе больш ахвотна карыстаюцца імі. Давялося побываць і ў дзяржаўных медустановах. Што сказаць? Без пачуцця гумару там рабіць няма чаго. Але ж за малым выключэннем супрацоўнікі ветлівыя і добразычлівыя.

Вось раздражняльная сцэнка: маладзенькія дурніцы пэтэвушнага выгляду круцяцца на пероне аўтавакзала і шумна абмяркоўваюць свой адпачынак у Крыме. Смачна выкрыкваюць статусныя для іх назвы: Ялта, Крымскі мост… Потым думаю, чаму я злуюся?! Калі я бачу недзе ў салоне ці кавярні дзяўчыну больш высокага статусу, якая на публіку вымаўляе Дубай, Луі Вітон, прасэка… мне ж толькі смешна. Усё ж такі мы моцна параненыя…

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png