“Тэрмінова! Здыму (альбо куплю) кватэру ў вашым доме, пажадана з мэбляй, на доўгі тэрмін” – такія абвесткі вісяць не толькі на нашым пад’ездзе, але і на суседніх дамах, і на суседніх вуліцах.
Суседка-цырульніца на днях прызналася, што здае бацькоўскую кватэру двум маладым расейцам з Курска:
– Спачатку страшнавата было. Бо адразу падманулі: у адзін голас напружана адказалі, толькі адзін “мы студэнты”, а другі – “у адпачынак”, – распавяла Вольга. – А на маё пытанне “Што, ваяваць не хочацца?” вочы апусцілі: “А каму ж хочацца?”…
Яшчэ з зімы многія суседзі абураліся, што расейцы купляюць у Гомелі кватэры – і не жывуць у іх. Ды ладна, што не жывуць. А на прыбіральшчыцу хто скідвацца будзе? А на новы дамафон? А вунь, Таццяна Паўлаўна ружы перад домам высадзіла, а з расейцаў як грошы ўзяць на прыгажосць і ўсеагульную карысць?
– Проста для іх тут усё танным здаецца, вось і купляюць, – казалі адныя суседзі.
– А што такога, адчуваюць сябе, як дома, у нас жа адна прастора, – сцвярджалі другія.
– У Беларусі прыгажэй, і чысцей, і стабільней – усё для людзей, – даводзілі трэція.
– Панаехалі тут… Ледзь не палова стаянкі з расейскімі нумарамі, не прыткнуцца, – уздыхаў сусед, які штодзень калупае свой стары Фольксваген.
І вось на мінулым тыдні ўсё стала на свае месцы. Расейцы выбралі найпрасцейшы варыянт вырашэння праблемы – бегчы ад яе далей.
Кідаць свае дамы, бегчы ў пошуках бяспекі ў іншыя краіны жорсткая і бязлітасная агрэсія Пуціна супраць Украіны прымусіла не толькі саміх украінцаў. Расіяне таксама з’язджаюць. Яны баяцца сацыяльных, палітычных і эканамічных наступстваў, якія выклікае вайна. У Расеі набывае моц строгая цэнзура, за парушэнне якой любы грамадзянін можа сесці ў турму на тэрмін да 15 гадоў.
Але паляцець расейцам куды-небудзь зараз нашмат складаней, чым раней: большая частка свету для іх ужо закрытая.
Хтосьці выбірае Арменію, Турцыю, Азербайджан, Кыргызстан. Камусьці бліжэй (у прамым і пераносным сэнсе) Беларусь.
Ці надоўга гэта – ніхто не ведае. Людзі жадаюць толькі спакою і міру. Адныя едуць толькі з пашпартамі, іншыя – з вялізнымі торбамі і чамаданамі.
З’язджаюць айцішнікі і бізнесмены; з’язджаюць тыя бацькі з дзецьмі, якія не хочуць палітінфармацыі і патрыятычнага выхавання; з’язджаюць журналісты і дзеячы культуры; з’язджаюць тыя, хто не хоча паміраць салдатам ва Украіне; і нават тыя, хто нядаўна падтрымліваў расейскую агрэсію (бо словы і справы – паняцці зусім розныя).
“Немагчыма жыць у роднай краіне, калі табе затыкаюць рот. Асабліва для чалавека, чый адзіны інструмент – слова” – напісаў вядомы расейскі блогер. – “ А яшчэ я проста не мог дыхаць маскоўскім паветрам, у якім людзі працягвалі абмяркоўваць планы, глядзець кіно, праводзіць мастацтвазнаўчыя дыскусіі, хадзіць на вернісажы і прэм’еры, пакуль ва Украіне забіваюць і паміраюць. Кожная хвіліна такога існавання пацвярджала відавочнае: ты – саўдзельнік».
З’язджаюць. Думаючы, што тут, на беларускай зямлі, дзе “чысценка і стабільна”, дыхаецца лягчэй, што адсюль не чуваць гукаў вайны, што тут ёсць правы і законы.
І мала хто задумваецца, чаму адсюль з’язджаюць беларусы…
Штодзень
Мар’яна Ліс