Танна і непрактычна: супярэчлівая мадэрнізацыя прыпынкаў грамадскага транспарту

by ZB

Прыпынкі грамадскага транспарту павінны адпавядаць самым высокім патрабаванням, бо з аднаго боку гэта ўтылітарная канструкцыя, якая павінна быць камфортнай і трывалай, але адначасова гэта і архітэктурны элемент, які павінен мець адпаведны дызайн і гарманічна ўпісвацца ў гарадское асяроддзе. Наколькі адпавядаюць гэтым патрабаванням гомельскія прыпынкі, вывучаў “Штодзень”.

 

Падыход да арганізацыі месцаў чакання транспарту добра бачны на прыкладзе аднаўлення восенню 2024 года комплексаў на прыпынках “Універмаг” і “Камінтэрн”.

Галоўнае адрозненне новых канструкцый ад таго, што было раней – з’яўленне гандлёвага павільёна і, адпаведна, памяншэнне месца, дзе гараджане маглі схавацца ад непагадзі. Ці патрэбны тут шалік з рознымі рэчамі? У цэнтры горада набыць нейкія дробязі не праблема, гандлёвых аб’ектаў хапае – як нешта патрэбна, можна прайсціся да бліжэйшай крамы. А куды кіравацца, калі ідзе моцны дождж, а месца пад дахам на прыпынку зусім няма? Ранейшыя прыпынкі былі няздольныя змясціць усіх, хто чакае. А што будзе зараз?

 

 

Новыя комплексы могуць прыняць 10-15 асоб (улічыце, што ўвайсці ў краму можна толькі з боку самога прыпынку, то бок частка тэрыторыі пад дахам павінна заставацца вольнай). Але на такіх буйных перасадачных пунктах, з якіх можна патрапіць у некалькі раёнаў, адначасова можа знаходзіцца і паўсотні, і больш будучых пасажыраў!

 

 

На фота толькі кавалак тэрыторыі чакання, і тут ужо налічвацца некалькі дзясяткаў асоб. І гэта яшчэ невялікая, для гэтых кропак, запоўненасць.

Прысесці ці паставіць цяжкія рэчы здолее толькі 3–4 асобы (і гэта праблема характэрна для значнай колькасці гомельскіх прыпынкаў). Між тым, дужыя хлопцы і мужчыны – тыя, хто без праблем можа пастаяць – пераважна едуць на ўласных аўто. Сярод тых, хто карыстаецца грамадскім транспартам, высокі адсотак уразлівых асоб – пенсіянераў, мам з малымі дзеткамі і г.д., якія ахвотна б прыселі, каб было куды. Дык ці варта было на месцы чакання рабіць гандлёвыя кропкі?..

Калі вам падаецца, што Штодзень патрэбны, падтрымайце нас праз патрэон.

Гісторыя ўзвядзення шапікаў у Гомелі ўвогуле развіваецца па нейкай спіралі. У 1990-я нават на невялічкіх вуліцах з’явіліся кіёскі, дзе можна было набыць самыя розныя рэчы. Але ўжо ў 2000-я такі гандаль прызналі непрагрэсіўным і прымусова папрыбіралі большасць шапкаў (нягледзячы на тое, што ў гэтую справу ўласнікамі былі ўкладзены істотныя сродкі і бізнес адразу збанкрутаваў).

Доўгі час “Белдрук” быў фактычна манапалістам у галіне дробнага вулічнага гандлю. Пазней істотную канкурэнцыю яму склалі “Табакеркі”. Дзіўны бізнес, часам кіёскі ставіліся ў такіх месцах, дзе зусім няма патоку людзей і стратнасць, здавалася б, гарантаваная. Не кажам ужо пра тое, што размяшчэнне часцяком парушала і заканадаўчыя (продаж тытуню побач, напрыклад, са школай), і ўрбаністычныя (вуліца занадта вузкая для кіёска, або будынак стаіць так, што не бачна, які транспарт падыходзіць) нормы. У 2024 годзе ў Гомелі “Белдрук” закрыў большасць гандлёвых кроках, пачалі знікаць і Табакеркі. І іх знікнення ніхто асабліва не заўважыў. Аднак камусьці падалося, што кіёскаў у Гомелі не хапае, і іх вырашылі прыляпіць да прыпынкаў. Але на “Камінтэрне” маюцца кіёскі “Белдруку” і Гарэлектратранспарту, побач бістро “Бацькі”, выраб шаўрмы і крама цукерак. На прыпынку і раней было мала месца, узводзіць тут гандлёвы павільён было недапушчальна.

Акрэсліць дызайн-праект новых павільёнаў можна так: праект склалі, а на дызайн забыліся. Прамавугольныя канструкцыі з профільных труб, абшытыя полікарбанатам – самы танны і прымітыўны варыянт будовы. Вока такія канструкцыі не цешаць. Шмат гомельцаў без інжынернай ці архітэктурнай адукацыі на ўласным лецішчы здолее ўзвесці нешта больш складанае і стылёвае.

Падобна, што ўзвядзенне нават такіх простых канструкцый выклікае цяжкасці. Прыпынкі ля Універмага і Камінтэрна мантуюцца больш за тры тыдні, і працы яшчэ не завершаныя. І гэта ў асенне-зімовы сезон, калі непагадзь – звычайная справа.

 

Тыповы прыпынак у Гомелі

 

І гаворка не толькі пра новыя комплексы на чатырох прыпынках, гэта ўжо гомельскі стандарт для ўсяго, што ўзводзілася ў апошнія дзесяцігоддзі. У розных кропках Гомеля і ваколіцы прыпынкі могуць розныя колеры, але адныя і тыя ж хібы:

– Усе прыпынкі робяцца прыблізна аднаго памеру без уліку пасажырапатоку. Памер даху і колькасць лаў павінны кардынальна адрознівацца там, дзе можа чакаць 1– 8 асоб, і дзе лік ідзе на дзясяткі.

– Непрадуманая канструкцыя не ратуе ад дажджу.

– Танныя матэрыялы – гэта не толькі неэстэтычна, але і не практычна, некаторыя комплексы вельмі хутка пачынаюць выглядаць бруднымі, сценкі трэскаюцца.

Не дзіва, што гомельцы цёплымі словамі згадваюць старыя будыначкі прыпынкаў, што рабіў “Цэтраліт”. Па сучасных канонах яны, канешне, выглядаюць масіўна і зусім не мінімалістычна. Але яны былі адпаведнай глыбіні і добра баранілі ад капрызаў прыроды. У іх цяжка было нешта зламаць, адзін раз усталяваў – і карыстайся дзесяцігоддзямі. Гэтыя канструкцыі прызналі несучаснымі і знеслі. Добра, што ў нас не захаваліся будынкі, скажам, з эпохі ракако, бо з вялікай долей верагоднасці і іх бы замянілі на нешта больш “сучаснае” – палікарбанат ці вентфасады.

“Гістарычныя” прыпынкі грамадскага транспарту

 

Паколькі функцыянал старых прыпынкаў быў на ўзроўні, можна было не зносіць іх, а мадэрнізаваць. Афарбоўка ў яскравыя трэндавыя колеры, аздабленне, на прыклад, кавалкамі каляровага плексігласу, усталяванне лаў эрганамічных форм – усё гэта магло б прыдаць старым канструкцыям сучасны выгляд і зрабіць нават адметнасцю, турыстычнай цікавосткай Гомеля.

Штодзень

Просім падтрымаць нас на патрэоне.

Увага!!! З Беларусі не падтрымлівайце нас, паколькі гэта цягне за сабой рызыку крымінальнага пераследу.

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png