Святы скончыліся, каля мільёна штучны кветак засталося на стагоддзі

by homieldays

Праз некалькі тыдняў яркія кветкі, якія з’явіліся на могілках на Радаўніцу, пераўтворацца, як у той казцы пра Папялушку, у гарбуз. Толькі ў адрозненне ад казачнага гарбуза, разлагацца штучныя кветкі будуць некалькі сотняў год. “Штодзень” паразмаўляў з эколагам Дзмітрыем Янковым пра экалагічныя праблемы ад штучных кветак і ялінак.

Дзмітрый Янкоў. Фота: ФБ-акаўнт аўтара

 

Штодзень: Што адбываецца пасля свят са штучнымі кветкамі і вянкамі, якія з’яўляюцца на могілках падчас пахаванняў ці на Радаўніцу. Ці ёсць магчымасць перапрацоўваць у Беларусі гэтыя кветкі? Наколькі сапраўды экалагічная праблема з гэтымі штучнымі кветкамі, можа, гэта не такая масавая з’ява ў Беларусі?

— Выкарыстанне штучных кветак насамрэч – сур’ёзная праблема для Беларусі. Звычайна людзі раз на год на Радаўніцу абнаўляюць кветкі на могілках. Паводле звестак Мінпрыроды, штогод выкідваецца каля мільёна. Праз складаны склад  матэрыялаў, які выкарыстоўваецца пры вытворчасці штучных кветак, на сёння немагчыма іх перапрацоўваць. Гэта і полістырол, і пенаўлірытан, і полівінілхларыд, а таксама штучныя тканіны і металічны дрот. Акрамя таго, гэта яшчэ і самыя танныя хімічныя фарбы.

Калі матэрыял ў Беларусі нельга другасна выкарыстоўваць, яго накіроўваюць на звалку. Для поўнага разлажэння такіх кветак спатрэбіцца ад 100 да 500 гадоў. Пры гэтым шкодныя рэчывы ад разлажэння патрапяць у глебу і грунтавыя воды.

Ёсць два варыянты вырашэння праблемы. Такія адкіды можна альбо спальваць на спецыяльных заводах па спальванні смецця, як гэта робіцца, напрыклад, у краінах Еўразвяза, альбо наогул забараніць выкарыстанне такіх кветак, як гэта хацелі зрабіць ва Украіне, але перашкодзіла вайна.

Штучныя кветкі прыносяць нават на стыхійныя могілкі для хатніх жывёл у Асаўцах

 

Штодзень: Наколькі патрэбныя прадпрыемствы, якія спальваюць смецце? Ці яны таксама нясуць экалагічныя праблемы? Ці было б добра, калі б такое прадпрыемства паўстала ў Беларусі?

— Сучасныя тэхналогіі дазваляюць спальваць смецце, атрымліваючы энергію і пакідаючы мінімум шкодных рэчываў, што нашмат бяспечней, чым пакідаць іх на палігонах. Напрыклад, у ЕЗ спальваецца каля трэці ўсіх адкідаў. На мой погляд, тое, што не магчыма перапрацаваць трэба спальваць і ў нас. Але яшчэ адным важным кірункам у справе абыходжання з адкідамі з’яўляецца кампаставанне арганічных адходаў. Незразумела, чаму дагэтуль гэта не арганізавана.

Штодзень: Калі ў Беларусі няма прадпрыемстваў, якія спальваюць смецце, то паўстае праблема не толькі са штучнымі кветкамі пасля Радаўніцы, але і, напрыклад, са штучнымі ялінкамі пасля Калядаў. Вядома, што гэтыя ялінкі не на ўсё жыццё і людзі з цягам часу змяняюць іх на больш сучасныя і прыгожыя.

— Здаецца, на дадзены момант, сітуацыя са штучнымі ялінкамі падобная на сітуацыю з кветкамі. Але хутка вытворцаў штучных ялінак абавяжуць адказваць за іх перапрацоўку, паступова падвышаючы ўзровень адсоткаў перапрацоўкі. Я б рэкамендаваў выкарыстанне жывых елак.

Штучныя ялінкі выкідаюць на вуліцы нават увесну

Штодзень: Як выглядае сітуацыя з перапрацоўкай смецця ў Беларусі? Асабліва ў сувязі са згортваннем многіх еўрапейскіх праграм?

— Цяпер Беларусь перапрацоўвае каля 34% камунальных адкідаў. Гэта лідзіруючая пазіцыя сярод краін СНД і нават асобных краін ЕЗ (напрыклад, Грэцыі, Мальты, Кіпра). У Расіі, для параўнання толькі 5% адкідаў набываюць другое жыццё. Але ў Еўропе добра працуе кампаставанне арганікі і спальванне. У рэзультаце на палігон накіроўваецца ў сярэднім 25%. А у нас 66%.

Пра будоўлю мінскага завода па спальванні адкідаў гаворка ішла даволі даўно. Арыентаваны кошт каля 300 млн. долараў. Паводле апошніх звестак, вырашылі будаваць усё ж смеццесарціровачны завод. А вось пра стварэнне комплекса па перапрацоўцы адкідаў для Гомеля, у тым ліку і кампаставанні арганікі, нешта нічога не чуваць, хоць запланаваны ён быў ужо некалькі год таму назад. Відаць, не хапае грошай.

Штодзень: Ці перапрацоўваюць у Беларусі бутэлькі ПЭТ? І пенапласт? І гэтыя празрыстыя пакеты, якіх сотні тысяч? І ці трэба мыць смецце перад тым, як яго сартаваць?

Канешне, і ПЭТ, і пенапласт, і пакеты перапрацоўваюцца. Іншая справа, што пакеты часта забруджаны арганічным смеццем, і тады іх перапрацоўка становіцца немагчымай. Наўрад ці такі брудны пакет сарціроўшчык на канвееры возьме як другасны матэрыял. Каштоўнага пластыка ў ім кропля, а затраты на ачыстку – велізарныя.

Асабіста я сам мыю ўпакоўку, матэрыял якой можна выкарыстаць другасна, і раю так рабіць іншым. І яшчэ вельмі важна збіраць адкіды, сепарыруючы асобна арганіку. Менавіта яна робіць каштоўныя матэрыялы непрыдатнымі для рэцыклінгу.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png